У Ангудайскім раёне Рэспублікі Алтай згарэў адзін з будынкаў санаторна-курортнага комплексу «Алтайскі падворак», паведамляе тэлеграм-канал каманды Навальнага «Сирена». Комплекс, як раней высьветлілі журналісты, зьяўляецца неафіцыйнай рэзыдэнцыяй Уладзіміра Пуціна.
Кадры згарэлага будынка апублікавалі блогер Амыр Айташаў і актывістка Аруна Арна.
«Сирена» адзначыла, што колер фасада, разьмяшчэньне пабудоваў, зялёныя насаджэньні, рэльеф і дах на апублікаваных здымках супадаюць з элемэнтамі на ранейшых фота рэзыдэнцыі. Сэрвісы праверкі фатаздымкаў, якімі скарысталіся журналісты «Сірэны», не знайшлі на кадрах сьлядоў апрацоўваньня. Сьцьвярджаецца, што фота былі зробленыя 30 траўня.
Апэратыўны дзяжурны МНС па Рэспубліцы Алтай ня стаў адказваць на пытаньне карэспандэнта «Сирены» аб узгараньнях у Ангудайскім раёне за апошнія суткі.
Што стала прычынай узгараньня і якім было прызначэньне згарэлага будынка, не паведамляецца.
Інфармацыя пра засакрэчаную будоўлю ў Ангудайскім раёне Рэспублікі Алтай зьявілася ў 2010 годзе. У 2011 годзе карэспандэнтам «Новой газеты» ў праходзе на тэрыторыю адмовіла ахова са словамі, што «аб’ект, які асабліва ахоўваецца, прызначаны для адпачынку вышэйшых асобаў дзяржавы», а «Газпром», якому афіцыйна належыць комплекс, прызнаў, што звычайныя адпачывальнікі ня могуць туды засяліцца.
Падрабязна пра рэзыдэнцыю пісала выданьне «Проект». Яно таксама сьцьвярджала, што тагачасны міністар абароны Сяргей Шайгу пераканаў Пуціна прымаць на Алтаі ванны з крывёй з рагоў маралаў (буйных высакародных аленяў). Каля рэзыдэнцыі на Алтаі знаходзіцца закрытая спэцгаспадарка, дзе разводзяць маралаў. Сьцьвярджалася, што Пуцін неаднойчы прыяжджаў на Горны Алтай і што ў алтайскай рэзыдэнцыі, імаверна, знаходзіцца адзін з бункераў расейскага прэзыдэнта, — гэтая інфармацыя, як адзначае «Сирена», не была пацьверджаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Навальнага апублікавала расьсьледаваньне пра «палац Пуціна». ВІДЭА