Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях ухваліла закон аб амністыі, яна не закране асуджаных за «экстрэмізм»

Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

Амністыя ня будзе прымяняцца да асоб, якія «маюць дачыненьне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці».

Згодна з папярэднімі зьвесткамі пры рэалізацыі законапраекта амністыя будзе прымененая да 7850 асуджаных.

У двух чытаньнях прыняты праект закону «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», паведаміла прэсавая служба Палаты прадстаўнікоў:

«Згодна з папярэднімі дадзенымі, пры рэалізацыі законапраекту амністыя будзе прымененая да 7850 асуджаных. Прапануецца вызваліць ад пакараньня і іншых мер крымінальнай адказнасьці ў адпаведнасьці з артыкуламі 1 і 3 законапраекту 2090 асоб, ад пакараньня ўмоўна на неадбытую частку пакараньня 800 асоб, ад пакараньня ў выглядзе арышту 40 асоб, замяніць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на больш мяккае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу 260 асобам, скараціць тэрмін пакараньня на 1 год 4550 асобам».

Паводле праекту закону, асноўнымі ўмовамі для прымяненьня амністыі зьяўляюцца поўнае пакрыцьцё шкоды і станоўчая характарыстыка асобы ў пэрыяд адбываньня пакараньня.

«Законапраект, у параўнаньні з папярэднімі амністыямі, сярод іншага зьмяшчае наступныя навэлы:

  • скараціць тэрмін пакараньня на адзін год шматдзетным жанчынам, асуджаным за ўчыненьне забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула сьмерць без абцяжлівых для адказнасьці прыкмет (частка 1 артыкула 139 і частка 3 артыкула 147 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей — КК)),
  • жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, што ўчынілі злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абарачэньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў;
  • прымяніць амністыю ў дачыненьні да асоб, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткай 1 артыкула 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі»), а таксама тым, каму прызначаны пакараньні ў выглядзе грамадзкіх работ.


Як і пры мінулай амністыі (закон «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства»), прадугледжваюцца:

  • змяншэнне тэрміну пакараньне на 1 год асобам, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя з незаконным абарачэньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў ва ўзросьце да 18 гадоў; асобам, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы;
  • непрымяненьне амністыі да асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці.

Рашэньне аб прымяненьні амністыі будзе прымацца ў дачыненьні да кожнай асобы індывідуальна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад ініцыяваў амністыю да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Ці закране яна палітвязьняў?