Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Валеры Кавалеўскі 29 траўня выступіў з афіцыйным камэнтаром з нагоды інфармацыі пра тое, што літоўскае прадпрыемства, якое працуе над праектам пашпарта «Новай Беларусі», зьвязанае з «гаманцом» Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым.
Кампанію АПК параіў кіраўнік Геральдычнай рады, які выявіўся былым супрацоўнікам МУС, высьветлілі журналісты БРЦ.
«Мы не зьбіралі аніякія асабістыя зьвесткі беларусаў, таму ніхто ня мог атрымаць доступ да таго, чаго не існуе», — пракамэнтаваў Валер Кавалеўскі магчымыя асьцярогі беларусаў.
Паводле яго, Геральдычная рада толькі распрацоўвала дызайн пашпарта, і аніякага доступу ці дачыненьня да працэсу збору зьвестак беларусаў і выдачы пашпартоў «Новай Беларусі» яна «не павінна мець і ня будзе».
Што да згаданай у расьсьледаваньні літоўскай кампаніі UAB Garsų pasaulis, яна, паводле Кавалеўскага, дапамагала «ў распрацоўцы дызайну дакумэнта, дзеля яго адпаведнасьці стандартам ІКАО», а таксама — з замовай спэцыяльных матэрыялаў для друку пашпартоў, у тым ліку ўзораў, якія будуць перадавацца замежным урадам з запытам аб прызнаньні пашпарта.
«У нас не было падставаў не давяраць кампаніі, якая вырабляе пашпарты для Літвы, і я ўдзячны UAB Garsų pasaulis за канструктыўнае супрацоўніцтва», — дадаў Кавалеўскі.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што канчатковае рашэньне аб супрацоўніцтве на ўсіх наступных этапах, пачынаючы з друку ўзораў, «будзе прымаць ужо Пашпартны Цэнтар, з абавязковай праверкай усіх падрадчыкаў і партнэраў».
«Пры прыёме і працы з пэрсанальнымі зьвесткамі Пашпартны Цэнтар будзе кіравацца Агульным рэглямэнтам аховы зьвестак Эўразьвязу (GDPR). Акрамя таго, ужо зараз распрацоўваюцца дадатковыя ўласныя спэцпратаколы бясьпекі для ўсіх этапаў пэрсаналізацыі і выдачы новых нацыянальных пашпартоў Беларусі», — дадаў Кавалеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьдзівіліся нават спэцслужбы Літвы». Як зьвязаныя пашпарт «Новай Беларусі» і стары «гаманец» Лукашэнкі- 28 траўня Беларускі расьсьледніцкі цэнтар апублікаваў расьсьледаваньне пра тое, што літоўскае прадпрыемства, якое працуе над праектам «пашпарта Новай Беларусі», зьвязанае з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Шаўцовым. Кампанію Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту параіў кіраўнік Геральдычнай рады, які выявіўся былым супрацоўнікам МУС. Пасьля звальненьня зь міліцыі ён езьдзіў за мяжу са сьледчым у справе аб тэракце ў менскім мэтро.
- У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім забараніў выдаваць і абменьваць за мяжой пасьведчаньні асобы. Атрымаць новы пашпарт цяпер магчыма толькі на тэрыторыі Беларусі. Аднак некаторыя грамадзяне ў краіну ехаць не рызыкуюць — там ім можа пагражаць турэмны тэрмін.
- Абʼяднаны пераходны кабінэт заняўся распрацоўваньнем «пашпарта Новай Беларусі», каб вырашыць праблему з адсутнасьцю сапраўдных пасьведчаньняў для тых, хто ня можа паехаць на радзіму. На пачатку кастрычніка лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўзоры пашпарта ўжо друкуюць. Аднак пазьней высьветлілася, што матэрыялы для іх толькі плянуюць закупіць. Першую партыю блянкаў пашпартоў на момант публікацыі ня выпусьцілі.