Урад Літвы зацьвердзіў падрыхтаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі краіны пералік сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расейскага і беларускага паходжаньня, увоз якіх забаранілі з трэцяга чэрвеня.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні літоўскага ўраду, у пераліку больш за 2,8 тысячы відаў прадукцыі.
У пераліку, падрыхтаваным з улікам колькасьці, структуры і кошту імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, вызначаныя 24 групы прадукцыі, у тым ліку жывая жывёла, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты яго перапрацоўкі, яйкі, натуральны мёд, прадукты нежывёльнага паходжаньня, расьліны, гародніна, садавіна, кава і спэцыі, збожжа, крупы, алей, напоі, тытунь і іншыя прадукты.
У той жа час у паведамленьні ўраду Літвы адзначаецца, што «сельскагаспадарчую прадукцыю, якая ня мае альтэрнатыўных крыніц імпарту (некаторыя грыбы, ягады, патака, некаторыя віды кармоў для жывёлы і іншыя), не ўключылі ў пералік».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве забароняць увоз зь Беларусі і Расеі амаль тры тысячы відаў сельгаспрадукцыіУ сакавіку Літва разам з Латвіяй, Эстоніяй, Польшчай і Чэхіяй заклікала Эўракамісію прааналізаваць магчымасьць абмежаваньня імпарту ў ЭЗ прадуктаў харчаваньня, якія паходзяць зь Беларусі і Расеі.
- Першай краінай ЭЗ, якая забараніла імпарт сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі зь Беларусі і Расеі, стала Латвія. 22 лютага Саэйма Латвіі ўхваліла забарону на ўвоз гэтай прадукцыі зь Беларусі і Расеі, а таксама з трэціх краін. Забарона ня тычыцца прадукцыі, якая ідзе праз Латвію ў іншыя дзяржавы ЭЗ.
- Эмбарга пачне дзейнічаць з 8 сакавіка. 5 сакавіка ўрад Латвіі зацьвердзіў пералік забароненай для ўвозу зь Беларусі прадукцыі. Забарона распаўсюджваецца на гародніну, садавіну, ягады і арэхі, збожжавыя, кармавую сыравіну і гатовыя кармы. Так, у пераліку забароненых для імпарту — бульба, памідоры, цыбуля, часнык, капуста, морква, агуркі, іншая гародніна. Таксама ў Латвію нельга будзе ўвозіць пшаніцу, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, рыс, сорга і грэчку. Агулам сьпіс забароненых тавараў вялікі.
- 4 сакавіка прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў пра намер ініцыяваць увядзеньне «поўных санкцыяў» на ўвоз у Эўразьвяз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў зь Беларусі і Расеі.