Як напісала выданьне Devby.io, з канца красавіка амаль кожны дзень у кватэру IT-спэцыяліста, які жыве за мяжой, нехта прыходзіў, стукаў у дзьверы. Як расказаў ён сам, ягоная маці прынцыпова не адчыняла і нават не падыходзіла да дзьвярэй.
«Праз два тыдні ў дзьверы ўжо ня стукалі. Іх адразу вынесьлі, вырашыўшы, відаць, што ў кватэры нікога няма», — расказаў суразмоўца выданьня.
Высьветлілася, што ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ у сувязі з удзелам мужчыны ў «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Сам ён расказаў, што «быў пару разоў на замежных акцыях» і нібыта бачыў людзей, якія вялі здымку і маглі працаваць на беларускія спэцслужбы. Такім жа чынам зацікавіліся і ягоным знаёмым, які апошні раз быў на Дні Волі год таму.
У кватэры правялі ператрус, аднак нічога значнага ў межах крымінальнай справы не знайшлі. Пасьля гэтага кватэру мужчыны арыштавалі, маёмасьць апісалі і «перадалі маці на адказнае захоўваньне».
Маці яго пры гэтым працягвае жыць у кватэры. У жанчыны ўзялі падпіску аб невыдаваньні, таму іншых падрабязнасьцяў аб справе мужчына ня ведае, з маці ён не перапісваецца, бо баіцца, што сілавікі маглі ёй «нешта ўсталяваць у тэлефон».
У сярэдзіне траўня ў СК Беларусі заявілі аб тым, што выявілі 104 арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі за мяжой. Супраць іх завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (361-1 КК) і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (369-1 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтую кватэру майму дзеду далі як удзельніку вайны». Пагаварылі з героямі фільма ОНТ аб арышце маёмасьці ўцекачоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кватэры журналіста-фрылансэра зь Віцебску супрацоўнікі КДБ выламалі дзьверы, жытло апячаталі