«Польшча ў цяперашні час вельмі актывізавалася ў выяўленьні месцазнаходжаньня і ў затрыманьні нашых асоб, якія адшукваюцца. Аднак тут неабходна зазначыць, што паліцэйскія ведамствы не адказваюць за выдачу затрыманых асоб. Гэтым займаюцца суды альбо Міністэрства юстыцыі, альбо пракуратуры. Таму ў кампэтэнцыю паліцыянтаў гэта не ўваходзіць. Разам з тым паліцыя Польшчы цяпер вельмі якасна адпрацоўвае ўсе запыты, якія паступаюць з нашай краіны, за што мы вельмі ўдзячныя», — сказаў Дзьмітры Мядзьведзеў.
Ён заявіў, што зь Літвой і Латвіяй «такога ўзаемадзеяньня, узаемаразуменьня, як з Польшчай, няма». Па словах Мядзведзева, гэтыя дзьве краіны не рэагуюць на запыты беларускага боку.
«Яны нам не даюць ніякай інфармацыі. Калі мы ім задаём пытаньні, яны нам нічога не адказваюць», — сказаў Мядзьведзеў.
Ён дадаў, што беларускі бок ведае аб перасячэньні мяжы асобамі, якія адшукваюцца.
«Мы ведаем, што злачынцы прыяжджаюць, да нас прыходзіць апавяшчэньне аб тым, што „вашага чалавека, які ў вышуку, правяралі“. Вось такіх да нас прыходзіць за дзень па тры-пяць чалавек, і ніводнага яны не затрымалі», — сказаў ён.
- Летась міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце на пасяджэньні Генасамблеі Інтэрполу выказалася за тое, каб арганізацыя абмежавала правы Беларусі і Расеі. На яе думку, недэмакратычныя дзяржавы выкарыстоўваюць сяброўства ў Інтэрполе для сваіх палітычных мэтаў і злоўжываюць ім.