Двух грамадзян Украіны затрымалі на беларуска-польскай мяжы ў лістападзе 2022 году па падазрэньні ў шпіянажы. Праз 14 месяцаў беларускі бок вывез іх на нэўтральную з Украінай тэрыторыю. Гісторыю ўкраінцаў расказвае «Медиазона».
Аляксандру 43 гады, ён родам з Валынскай вобласьці Ўкраіны. У мінулым служыў па кантракце ў памежных войсках, у 2014 годзе ўдзельнічаў у АТА, у 2017-м звольніўся з войска ў званьні прапаршчыка і адкрыў бізнэс — кампанію грузаперавозак. Некалькі грузавых машын вазілі тавары з Украіны ў Польшчу, Беларусь і назад.
У лістападзе 2022 году Аляксандар са сваім партнэрам Віталём паехалі ў Беларусь скончыць справы і закрыць гэты напрамак. Гэта была іх першая паездка ў краіну з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Яны плянавалі забраць тавар, даўгі і разьлічыцца зь людзьмі. Перад паездкай знаёмая Аляксандра папрасіла яго вывезьці зь Беларусі ва Ўкраіну праз Польшчу дзьвюх дзяўчат, якія ўцяклі з Харкава, але вырашылі вярнуцца ва Ўкраіну. Ён пагадзіўся.
Аляксандар і Віталь выехалі з Украіны 2 лістапада, вырашылі ўсе працоўныя справы і 4 лістапада стаялі ў чарзе на пераходзе Брэст — Тарэспаль. На мяжы мытнік сказаў яму пачакаць з афармленьнем дакумэнтаў, «бо вельмі шмат аўтобусаў і іх трэба адразу прапусьціць», хоць ніякіх аўтобусаў на мытным кантролі ўкраінец ня бачыў. Мужчыны селі ў машыну і чакалі, калі іх запросяць.
На пашпартным кантролі Аляксандру паставілі пячатку аб выезьдзе зь Беларусі, а потым падышлі тры афіцэры ў форме памежнікаў і запрасілі мужчын праехаць на поўны надгляд аўтамабіля ў спэцыяльны гараж. Дзяўчатам спачатку сказалі чакаць на пашпартным кантролі, а потым сказалі ім «не чакаць кіроўцу зь сябрам, а лавіць спадарожную машыну і ехаць далей».
«Нас ня білі. Ніхто біць ня будзе, бо там [у боксе] камэры ж усюды. Мы не супраціўляліся, не ўцякалі. Легчы — ляглі. Устаць — усталі. Павымаць — павымалі. Толькі што было непрыемна, што нас пад ногі кінулі і нагамі на нас наступілі. Вельмі, вельмі непрыемна гэта было», — расказваў Аляксандар.
Паводле яго, на галаву мужчынам надзелі пакеты, рукі скавалі кайданкамі, прычыны затрыманьня не тлумачылі. Падчас допыту ў Аляксандра пыталіся, як ён ставіцца да Беларусі і Лукашэнкі, даведваліся, куды ён езьдзіў і што рабіў у Беларусі, а пасьля заявілі, што ён нібыта займаўся шпіянажам.
«І потым я пачуў, быццам мы тут займаемся шпіянажам на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць езьдзім па Беларусі, вылічаем вайсковую тэхніку, склады. Потым былі навадныя пытаньні, быццам мяне бачылі, як я фатаграфаваў лунінецкі вайсковы аэрапорт. Але мы там нават не былі! Гэта потым я зразумеў, што нас проста бралі на понт», — кажа Аляксандар.
У Аляксандра знайшлі старое пасьведчаньне памежніка з паметкай, што ён быў удзельнікам АТА. Падчас допыту пагражалі, што яго з пасьведчаньнем «адвязуць да рускіх». Пасьля допыту ўкраінца адвезьлі ў ІЧУ Берасьцейскай памежнай групы.
Аляксандар кажа, што прасіў адміністрацыю ізалятара патэлефанаваць родным і паведаміць, што яго затрымалі, але яму не дазволілі. Адмовілі мужчыну і ў адвакаце. Не дазволілі зьвязацца з украінскім консульствам у Беларусі і нават узяць сродкі гігіены, якія былі ў рэчах.
Паводле Аляксандра, праз тры месяцы пасьля затрыманьня прыехаў сьледчы, і яму далі чытаць на камэру тэкст, што ён нібыта займаўся шпіянажам на тэрыторыі Беларусі. Аляксандар адмовіўся. Празь некалькі дзён сьледчы заявіў, што ўкраінец нібыта «купляў інфармацыю ў беларусаў» і што ў яго машыне знайшлі каля 60 тысяч даляраў. Аляксандар патлумачыў, што гэта былі даўгі, па якія ён і прыехаў у Беларусь. Грошы ляжалі ў машыне разам з запоўненай дэклярацыяй.
У наступныя два месяцы сьледчы не прыходзіў, і Аляксандар ускрыў сабе вены, каб прыцягнуць увагу. Сьледчы зьявіўся, але зноў зьнік. Пасьля гэтага Аляксандар пагражаў забіць сябе токам і 9 дзён трымаў сухую галадоўку.
7 красавіка 2023 году яго перавялі ў берасьцейскае СІЗА. Там ён даведаўся, што на яго завялі крымінальную справу за кантрабанду грошай у буйным памеры.
«Нават 726 даляраў нам дакінулі. У мяне не было 60 тысяч даляраў у машыне, там было 59 500 зь нечым. То бок, калі гэтую суму падзяліць на нас дваіх, то гэта будзе адміністрацыйнае правапарушэньне. А яны ўзялі і „дабілі“», — тлумачыць Аляксандар.
Яшчэ праз два месяцы, 8 траўня, адбыўся суд. Судзьдзя пастанавіў канфіскаваць грошы, прызначыць штраф і вызваліць у залі суду, аднак адразу пасьля вызваленьня Аляксандра затрымала контравыведка. Яго адправілі ў ІЧУ Ленінскага РУУС Берасьця. Там ён правёў 7 месяцаў.
Аляксандар спрабаваў зьвязацца з консульствам Украіны і адпраўляў запыты ў Чырвоны Крыж, але лісты ня выйшлі за межы ІЧУ. Увесь гэты час мужчыну шукаў ягоны брат Раман, які быў на сувязі з консульствам. Дыпляматы і Чырвоны Крыж не маглі знайсьці ўкраінца.
У лістападзе 2023 году ў ІЧУ Ленінскага раёна перавялі партнэра Аляксандра Віталя. Да гэтага ён год сядзеў у ІЧУ памежнага атраду. На працягу году да Віталя прыходзіў сьледчы, прыносіў гатовае рашэньне аб дэпартацыі, абяцаў даць зрабіць званок консулу, калі ён падпіша прызнаньне, што займаўся шпіянажам. Віталь трываў сухую галадоўку 47 дзён.
Падчас галадоўкі да ўкраінцаў пачалі прыходзіць сьледчыя. Яны абяцалі дэпартацыю на працягу некалькіх месяцаў. 28 сьнежня 2023 году ўкраінцаў урэшце адвезьлі на мяжу і перадалі ўкраінскаму боку.
Аляксандру забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў. Пасьля вяртаньня ва Ўкраіну Аляксандра і Віталя затрымала СБУ па падазрэньні ў шпіянажы. Іх пасялілі ў гатэль і некалькі дзён праводзілі апытаньні, пасьля чаго адпусьцілі дадому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Франак Вячорка расказаў, як пяць гадзін тлумачыў украінскім памежнікам розьніцу між беларусамі і Лукашэнкам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінца засудзілі ў Беларусі за правоз паляўнічай стрэльбы празь мяжу