Паводле статыстыкі, 3,6% насельніцтва Беларусі мае сярэднедушавы даход ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму.
Сярэднедушавы даход — агульны аб’ём даходаў, падзелены на колькасьць насельніцтва. Пры яго разьліку ўлічваецца ўсё насельніцтва, у тым ліку беспрацоўныя, пэнсіянэры, непаўналетнія.
Бюджэт пражытковага мінімуму (на мінімальны набор прадуктаў харчаваньня, нехарчовых тавараў і паслуг, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі) на пэрыяд абсьледаваньня ў Беларусі складаў 406,74 рубля (з 1 лютага па 31 красавіка), цяпер — 418,73 рубля.
Канкрэтную колькасьць беларусаў, якія знаходзяцца за рысай беднасьці, Белстат не называе. Паводле Белстату, на 1 студзеня 2024 году насельніцтва Беларусі складала 9 мільёнаў 156 тысяч — адпаведна, за рысай беднасьці знаходзіліся каля 329,6 тысячы чалавек.
Больш за ўсё людзей за рысай беднасьці пражывала ў Магілёўскай вобласьці (5,4%), за ёй Гомельская (5,1%), Берасьцейская (5%), Віцебская (4,8%), Горадзенская і Менская (па 2,6%). Найлепшая сытуацыя ў Менску, дзе за рысай беднасьці знаходзіліся толькі 1,2% насельніцтва.
На вёсцы доля бедных вышэйшая, чым у гарадах: 5,9% супраць 2,9%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава хоча паказаць, што імкнецца забіраць у багатых і аддаваць бедным»,— эканамістка Лузгіна