У 927-м цэнтры падрыхтоўкі і прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў 28 траўня праходзіць збор з апэратарамі бесьпілётнікаў Узброеных сілаў, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.
У зборы ўдзельнічаюць прадстаўнікі структурных падразьдзяленьняў Узброеных сілаў, Сілаў спэцапэрацыяў, апэратыўных камандаваньняў, Вайсковай акадэміі, вайсковага факультэту ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, а таксама прадстаўнікі Расеі і беларускіх сілавых структураў, паведамляе ведамства.
Паводле Мінабароны, удзельнікі вайсковага збору разглядаюць «тэндэнцыі і пэрспэктывы разьвіцьця бесьпілётных авіяцыйных комплексаў у Беларусі і Расеі», арганізацыю навучаньня апэратараў дронаў і выкарыстаньне бесьпілётных авіяцыйных комплексаў. Адмысловую ўвагу падчас збораў аддалі працы дронаў «ва ўмовах радыёэлектронных перашкодаў і досьведу іх ужываньня ў сучасных збройных канфліктах».
- З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Расея актыўна выкарыстоўвае бесьпілётнікі для атак па ўкраінскіх вайсковых і цывільных абʼектах. Украіна таксама шырока выкарыстоўвае дроны, у тым ліку для атак па абʼектах на тэрыторыі Расеі.
- 27–31 траўня праходзяць лётна-тактычныя вучэньні вайсковай авіяцыі і супрацьпаветранай абароны Беларусі і Паветрана-касьмічных сілаў — пад кіраўніцтвам камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі Андрэя Лук’яновіча. Асноўныя намаганьні падчас трэніровак накіраваныя на «вырашэньне задач па прыкрыцьці дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў ад удараў сродкаў паветранага нападу».