За 2023 год беларусы падалі амаль 164 тысячы заявак на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы, зь іх больш як 158 тысяч заявак задаволілі, сьведчыць статыстыка, апублікаваная на сайце Эўракамісіі.
Летась беларусы падалі 163 979 заявак на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы (візы тыпу C, турыстычныя і інш., якія дазваляюць знаходзіцца на тэрыторыі краін Шэнгену да 90 дзён у паўгодзьдзі і выдаюцца для разавага ці шматразовага ўезду).
Зь іх 158 031 заяўку задаволілі, адмовы ў атрыманьні візаў атрымалі 5519 чалавек (3,4% ад агульнай колькасьці пададзеных заявак).
Найбольш візаў летась беларусам летась выдала Нямеччына (51 865), за ёй — Італія (40 175), Польшча (31 436), Вугоршчына (14 392) і Францыя (11 848), Літва (4580), Эстонія (1473), Латвія (1184), Славаччына (931) і Чэхія (147).
Для параўнаньня:
- 2022 год: 120 893 беларусы падалі заяўкі на атрыманьне шэнгенскай візы, 118 523 з гэтых заявак задаволілі (1,9% адмоваў),
- 2021 год: 58 285 заявак, зь іх 57 485 задаволілі (1,1% адмоваў),
- 2022 год: 135 372 заяўкі, зь іх 134 777 задаволілі (0,3% адмоваў).
Як відаць са статыстыкі, у параўнаньні зь мінулымі гадамі колькасьць заявак на атрыманьне шэнгенскіх візаў, якія падалі беларусы, летась павялічылася, але і значна вырасла колькасьць адмоваў у візах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам сталі часьцей адмаўляць у шэнгенскіх візах