СК завёў «спэцвядзеньне» супраць актывісткі Вольгі Верамеенкі, а таксама журналістаў-фрылансэраў Ірыны Чарняўкі і Аляксандра Кіркевіча.
Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра крымінальныя справы ў рамках так званага «спэцвядзеньня» (завочныя) супраць Вольгі Верамеенкі, Ірыны Чарняўкі і Алеся Кіркевіча, паведамляе тэлеграм-канал ведамства.
- Вольга Верамеенка — саўладальніца крамы нацыянальнай сымболікі «Адметнасьць», жонка актывіста Сяргея Верамеенкі (супраць яго «спэцвядзеньне» пачалі раней). Саму краму беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- Ірына Чарняўка — мэдыяэкспэртка, журналістка-фрылансэр, жонка асуджанага на 6 гадоў калёніі журналіста Паўла Мажэйкі.
- Алесь Кіркевіч — журналіст-фрылансэр, пісьменьнік і краязнаўца, колішні намесьнік старшыні «Маладога фронту», былы палітвязень. Ён браў удзел у пратэстах супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году, у 2011 годзе яго арыштавалі і асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго вызвалілі праз памілаваньне 1 верасьня 2011 году.
Вольгу Верамеенку, Ірыну Чарняўку і Алеся Кіркевіча абвінавачваюць па артыкуле аб садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 і 2 артыкула 361-4 КК).
Сьледчы камітэт прапануе ім зьявіцца ва ўпраўленьне СК па Горадзенскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік клінікі «Новы зрок» адказаў на спэцвядзеньне: «Успрымаю гэта як народную ўзнагароду»- Спэцыяльнае вядзеньне — вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчымае паводле 34 складаў злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.
- Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш. Актыўна выкарыстоўваецца супраць апанэнтаў дзейнай улады, якія пакінулі краіну.
- На гэты момант у сьпісе фігурантаў, у дачыненьні да якіх СК пачаў спэцвядзеньне, 103 чалавекі.