Новая ініцыятыва Польшчы ў ЭЗ: абмежаваць перамяшчэньне расейскіх дыпляматаў

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі ў часе свайго візыту ў Нямеччыну, 22 траўня 2024. Фота AFP

Вясной у шэрагу краін Эўразьвязу праваахоўныя органы правялі ператрусы і затрыманьні ў межах расьсьледаваньня аб фінансаваньні эўрапейскіх палітыкаў для пашырэньня ўплыву Расеі перад выбарамі ў Эўрапейскі парлямэнт.

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў аб абмежаваньні перамяшчэньня расейскіх дыпляматаў па польскай тэрыторыі.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Польшчы, аб гэтым Радослаў Сікорскі паведаміў 27 траўня на дыскусіі міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу аб агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Радослаў Сікорскі «зьвярнуў увагу на рост маштабаў гібрыдных нападаў Расеі ў краінах ЭЗ, у тым ліку ў Польшчы, у адказ на якія польскія ўлады вырашылі абмежаваць свабоду перамяшчэньня расейскіх дыпляматаў па тэрыторыі Польшчы».

Апроч таго, польскі міністар яшчэ раз падкрэсьліў аб неабходнасьці далейшага ўзмацненьня сыстэмы санкцыяў супраць Расеі, тэрміновага прыняцьця 14-га пакету і гарманізацыі сэктаральных санкцыяў супраць Беларусі з санкцыямі супраць Расеі.

Радослаў Сікорскі таксама перакананы, што Эўразьвяз павінен як мага хутчэй пачаць перамовы з Украінай аб уступленьні ў арганізацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як колішні ўплывовы ўкраінскі палітык Віктар Медзьвядчук фінансаваў палітыкаў у Эўразьвязе

Вясной у шэрагу краін Эўразьвязу праваахоўныя органы правялі ператрусы і затрыманьні ў межах расьсьледаваньня аб фінансаваньні эўрапейскіх палітыкаў для пашырэньня ўплыву Расеі.

У прыватнасьці, гаворка ішла аб дзейнасьці кампаніі Voice of Europe s.r.o. (ТАА «Голас Эўропы»), зь якой зьвязаны кум Уладзіміра Пуціна і ў мінулым уплывовы ўкраінскі палітык Віктар Медзьвядчук. Пры ягоным пасярэдніцтве Крэмль спрабаваў паўплываць на вынікі выбараў у Эўрапейскі парлямэнт, якія павінны прайсьці ў краінах Эўразьвязу сёлета з 6 па 9 чэрвеня.

Дзейнасьць гэтай арганізацыі выявілі датычна палітыкаў Чэхіі, Аўстрыі, Нямеччыны, Польшчы і іншых.

У красавіку 2024 году стала вядома, што польская выведная служба ABW сканфіскавала 48,5 тысячы эўра і 36 тысяч даляраў у неназваных асобаў. У чэскай службе бясьпекі заявілі, што гэтыя дзеяньні сталі вынікам супрацы шэрагу эўрапейскіх службаў, у тым ліку і Службы бясьпекі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы выкрылі чарговую расейскую шпіёнскую сетку