Адпаведны ўказ падпісала прэзыдэнтка краіны Мая Санду, паведамляе партал «Люстэрка».
Грамадзянамі Малдовы сталі бас-гітарыст «Бі-2» Максім (Лакмус) Андрушчанка, прадстаўнікі мэнэджмэнту гурту Аляксей Леўчанка і Аляксандра Аўчарэнка, а таксама яшчэ пяць чалавек.
Сярод іх няма лідэраў калектыву — ураджэнцаў Беларусі Ягора (Лёвы) Бортніка і Аляксандра (Шуры) Умана, якія маюць ізраільскае грамадзянства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькі ўдзельнікаў гурту «Бі-2» папрасілі грамадзянства Малдовы пасьля арышту ў Тайляндзе«Наша краіна адкрытая і гасьцінная для людзей, якія выбіраюць мір, прапагандуюць сяброўства і павагу паміж народамі», — напісаў у тэлеграм-канале кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнткі Малдовы Адрыян Бэлуцэл.
У красавіку стала вядома, што некалькі ўдзельнікаў гурту «Бі-2» зьвярнуліся да малдоўскіх уладаў з просьбай даць ім і іх сямейнікам грамадзянства. Пазьней у інтэрвію расейскаму журналісту Юрыю Дудзю прэзыдэнтка Санду паабяцала задаволіць гэтую просьбу пасьля праверкі дакумэнтаў заяўнікаў.
У студзені ўдзельнікаў «Бі-2» затрымалі ў Тайляндзе на запыт расейскай амбасады, якая дамагалася іх дэпартацыі ў РФ. Пасьля таго як музыкі здолелі выехаць у Ізраіль, «Бі-2» былі вымушаныя адмовіцца ад выступаў у шэрагу краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саліст «Бі-2» Лёва пра маці ў Беларусі, арышт у Тайляндзе і вайну ва Ўкраіне. ВІДЭА