«ПіК Свабоды». Івулін і Гаруновіч пра тое, якая перамога аб’яднае беларусаў

Аляксандар Івулін, Алег Гаруновіч, чэмпіянат сьвету па хакеі. Ілюстрацыйны каляж

У Чэхіі ўрачыста сьвяткуюць перамогу нацыянальнай зборнай у чэмпіянаце сьвету па хакеі. За каго заўзеюць беларусы ў Беларусі і за яе межамі? Ці пазбавілі іх магчымасьці адчуваць нацыянальную еднасьць у выпадку перамогаў беларусаў?

Разважаюць Аляксандар Івулін, вядоўца youtube-каналу «ЧестнОК», і Алег Гаруновіч, галоўны рэдактар выданьня «Трыбуна».

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Нагодай да размовы стала перамога чэхаў у чэмпіянаце сьвету па хакеі з шайбай. Штаб-кватэра Радыё Свабода знаходзіцца ў Празе, і можна назіраць, якая сапраўды нацыянальная еднасьць цяпер пануе ў Чэхіі, калі ўздымаюць сьцяг, калі хакеісты і людзі на трыбунах сьпяваюць гімн са сьлязьмі на вачах. Маё адчуваньне як заўзятаркі было, што такое цяпер практычна немагчыма для вялікай часткі беларусаў. Зборныя не дапушчаныя да міжнародных чэмпіянатаў, і перамогаў мала, і з гербам і сьцягам праблема. Ці пазбавілі іх магчымасьці адчуваць нацыянальную еднасьць у выпадку перамогаў беларусаў?

Аляксандар Івулін

Аляксандар Івулін: Куды больш нагодаў у беларусаў ёсьць, каб плакаць не са спартовых гісторый. Мне здаецца, што ўвогуле ў нас ня так шмат было вялікіх дасягненьняў, калі ўся краіна ў адзіным парыве выходзіла кудысьці сьвяткаваць на вуліцы і было сапраўды нацыянальнае сьвята. Бо ў Беларусі ўсё гэта трэба санкцыянаваць. Усе думаюць: калі мы кудысьці выйдзем, то што будзе далей? Таму ўся гэтая гісторыя немагчымая, але нейкія лякальныя гісторыі ў нас адбываюцца. На гэтых выходных «Нёман» узяў Кубак Беларусі, і людзі сьвяткавалі. Ехалі дадому на аўтобусах і радаваліся такім лякальным момантам. Таму нейкія нагоды ў беларускім спорце ёсьць, але каб было як нацыянальнае сьвята, яскравае відовішча, — такога, на жаль, мы ня бачым.

Алег Гаруновіч

Алег Гаруновіч: У нас ня так шмат перамогаў было раней. Калі згадаць камандныя турніры, то на ўзроўні зборных зборная Беларусі нічога не выйгравала. Але нейкія посьпехі здараліся. На Алімпіядзе выйгравалі мэдалі, жаночая баскетбольная зборная нешта брала, асобныя перамогі беларускіх клюбаў у эўракубках бывалі. Нельга сказаць, што гэта прыводзіла да масавых, грандыёзных сьвяткаваньняў. Магчыма, можна казаць, што ў нас, беларусаў, няма культуры сьвяткаваньняў. Чаму? Не да канца разумею. Магчыма, не хапае ўнутранай свабоды. Магчыма, падкручаныя шрубы, гаечкі, якія не даюць людзям расслабіцца, павесяліцца.

Дастаткова параўнаць перамогу «Нёмана» ў Кубку Беларусі ў мінулыя выходныя — і тое, як сьвяткавалі ў Беластоку чэмпіёнства «Ягелёніі». Магчыма, крыху іншага маштабу падзеі. Чэмпіёнства і Кубак — трошкі рознага ўзроўню турніры. Але ўсяго 80 кілямэтраў разьдзяляе, і дастаткова паглядзець на фота, каб заўважыць розьніцу, колькі тысяч чалавек выйшлі ў Беластоку па-за межамі стадыёну. Кідалася ў вочы, што людзі сталага веку, не фанаты, былі апранутыя ў футболкі і нармалёва тусілі, чакалі перамогі сваёй каманды. У Беларусі я такога не магу прыгадаць, нават калі была перамога над швэдамі па хакеі. Хіба Менск высыпаў на вуліцу, каб сьвяткаваць гэтую перамогу?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядучы спартовы сайт Беларусі «Трыбуна» зрабіў паўнавартасную вэрсію на беларускай мове

— Якая спартовая перамога магла б аб’яднаць беларусаў? Пра якую перамогу вы марыце?

Алег Гаруновіч: Мне падаецца, нас і цяпер шмат што аб’ядноўвае, дзе б мы ні знаходзіліся, за каго б ні заўзелі. Нас абʼядноўвае неабыякавасьць... Я думаю, што можа зьявіцца малады спартовец, які не падпісваўся ні за, ні супраць, які ня быў людажэрам, ня быў супэрзмагаром, а быў атлетам, які, калі карыстацца моладзевым слэнгам, не зашкварыўся. І ён будзе ўсе бакі задавальняць і будзе дэманстраваць добрыя вынікі. Нешта такое ёсьць у хакеі, дзе выступаюць Шаранговіч, Протас. Яны быццам бы паўсюль. Могуць падпісаць заўзятарам джэрсі зь бел-чырвона-белым сьцягам, могуць паўдзельнічаць у нейкім хакейным афіцыёзным мерапрыемстве. Я думаю, што нават сёньня можна чакаць атлетаў, якія абʼяднаюць сваімі вынікамі, сваёй гульнёй людзей з рознымі сьцягамі, з рознымі поглядамі. Таму што гэтыя спартоўцы паводзяць сябе як людзі, не як баязьліўцы, яны не паводзяць сябе як героі, але да іх няма асаблівых пытаньняў. Мне цяжка прагназаваць матч, але людзі, якія аб’ядноўваюць, ёсьць, і мы за імі сочым.

Аляксандар Івулін: Я хачу прысутнічаць на матчы, дзе Ільля Шкурын выйдзе ў форме зборнай Беларусі з капітанскай павязкай і забʼе неверагодную колькасьць мячоў у гульні супраць чэмпіёна сьвету, якой-небудзь Нямеччыны ці Францыі. Гэта было б клясна.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.