Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на дырэктара другога дэпартамэнту Азіі МЗС Расеі Заміра Кабулава.
У камэнтары агенцтву Кабулаў зазначыў, што МЗС Расеі «пазытыўна» ацаніў магчымае выключэньне «Талібану» са сьпісу забароненых арганізацый.
«Гэта [выключэньне „Талібана“ са сьпісу забароненых перад яго прызнаньнем] абавязковае. Бяз гэтага аб прызнаньні гаварыць будзе заўчасна. Таму гэтае пытаньне працягвае прапрацоўвацца. Усе меркаваньні даложаныя вышэйшаму кіраўніцтву Расеі. Чакаем прыняцьця рашэньня», — дадаў чыноўнік.
Акрамя таго, Кабулаў паведаміў, што Расея выказала жаданьне бачыць талібаў сярод удзельнікаў Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму.
«Традыцыйна афганцы зацікаўленыя ў працягу пашырэньня супрацоўніцтва ў закупцы нафтапрадуктаў у Расеі і іншых тавараў павышанага попыту. Вядома, пэрспэктыўна можна будзе пагаварыць аб выкарыстаньні транзытных магчымасьцяў Афганістану для пашырэньня таваразвароту з шырокім рэгіёнам», — цытуе яго ТАСС.
У сярэдзіне жніўня 2021 году талібы падчас імклівага наступу ўзялі пад кантроль усю тэрыторыю Афганістану, бяз бою захапіўшы сталіцу і найбуйнейшы горад Кабул. Да гэтага моманту радыкалы ўдзельнічалі ў перамовах з уладамі краіны аб стварэньні кааліцыйнага ўраду. Пасьля захопу ўлады прадстаўнікі руху заявілі, што ня маюць патрэбы ў кааліцыях і сфармуюць урад самастойна. Афганістан абʼяўлены «Ісламскім Эміратам», сьвецкая ўлада ў якім будзе знаходзіцца пад рэлігійным кантролем.
Краіны Захаду не прызнаюць «Талібан» законным урадам Афганістану. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што талібам трэба прайсьці доўгі шлях, калі яны хочуць міжнароднага прызнаньня. З 1996-га па 2001 год талібы ўжо былі фактычнымі кіраўнікамі краіны і абʼяўлялі яе ісламскім эміратам. Тады іхны ўрад фармальна прызнаваў толькі тры дзяржавы — Пакістан, Саудаўскую Арабію і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты.
Рада Бясьпекі ААН уключыў «Талібан» у сьпіс тэрарыстычных арганізацый у 2003 годзе. Раней Уладзімір Пуцін казаў аб тым, што Расея будзе імкнуцца да выключэньня руху «Талібан» са сьпісу забароненых тэрарыстычных арганізацый, але ў першую чаргу гэта павінна зрабіць Рада Бясьпекі ААН. Расейскія ўлады, не прызнаючы рух афіцыйна, рэгулярна праводзяць сустрэчы з талібамі ў Маскве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Ісламскую дзяржаву Харасан», якую зьвязваюць з тэрактам у «Крокус Сіці» пад Масквой ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан выключыў «Талібан» са сьпісу забароненых арганізацый