З сэктара Газа па цэнтральнай частцы Ізраілю днём 26 траўня было выпушчана сама меней восем ракет,паведамляе The Times of Israel са спасылкай на заяву камандаваньня ЦАХАЛ.
Частку ракет удалося перахапіць, заявілі ізраільскія вайскоўцы. The Times of Israel адзначае, што гэта першы за чатыры месяцы ракетны ўдар па цэнтральнай частцы Ізраілю, ракеты былі выпушчаныя з горада Рафах.
Ізраільская нацыянальная мэдыцынская служба «Маген Давід Адом» паведаміла, што падчас ракетнага абстрэлу цэнтральных раёнаў Ізраілю ў раёне Герцліі былі лёгка траўмаваныя дзьве жанчыны (52 і 30 гадоў), якія рухаліся ў бамбасховішчы. Яшчэ некалькім людзям спатрэбілася дапамога мэдыкаў для вывядзеньня са стану нэрвовага шоку.
Выпушчаныя па Ізраілі ракеты прымусілі завыць сырэны паветранай трывогі ў Тэль-Авіве і шэрагу іншых населеных пунктаў.
Ваеннае крыло радыкальнай ісламісцкай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што мэтай ракетнай атакі быў Тэль-Авіў. Абстрэл, цытуе заяву Reuters, нібыта стаў адказам на забойствы мірных жыхароў у Палестыне.
Рафах — апошні буйны населены пункт у сэктары Газа, не заняты ізраільскімі вайскоўцамі ў ходзе апэрацыі, распачатай пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку 2023 году.
У пачатку траўня ЦАХАЛ абвясьціў, што пачаў контартэрарыстычную апэрацыю ва ўсходняй частцы Рафаха. 24 траўня Міжнародны суд ААН запатрабаваў ад Ізраілю неадкладна спыніць ваенную апэрацыю ў Рафаху, забясьпечыць доступ у сэктар Газа спэцыялістаў для расьсьледаваньня абвінавачаньняў у генацыдзе і адкрыць кантрольна-прапускны пункт на мяжы сэктара Газа з Эгіптам для паставак гуманітарнай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд ААН у Гаазе загадаў Ізраілю спыніць наступ у Рафаху