Для захаваньня міру ў Эўропе неабходна інвэставаць у абарону, заявіла кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. На яе думку, для гэтага трэба задзейнічаць бюджэтныя сродкі Эўразьвязу, паведамляе Deutsche Welle.
На фоне працяглага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і паўтарэньня пагрозаў Уладзіміра Пуціна Эўразьвяз павінен падрыхтавацца да магчымай вайны і прыняць меры для сумеснага ўзбраеньня, лічыць Урзуля фон дэр Ляен. «Той, хто гаворыць і дзейнічае, як Пуцін, ня хоча міру, а мае намер працягваць», — заявіла яна ў этэры нямецкай радыёстанцыі Deutschlandfunk 26 траўня.
Фон дэр Ляен падкрэсьліла важнасьць пасьлядоўнай падтрымкі Ўкраіны і адначасовага ўмацаваньня абараназдольнасьці Эўразьвязу. «Калі мы павінны захоўваць мір на нашым кантынэнце, нам неабходна інвэставаць у абарону», — адзначыла яна.
Пры гэтым кіраўніца Эўракамісіі ўказала на «гібрыдныя атакі» Расеі, у тым ліку на нядаўняе зьняцьце памежнай разьметкі на мяжы з Эстоніяй, выкарыстаньне мігрантаў у якасьці інструмэнту супрацьстаяньня з ЭЗ і спробы раскалоць эўрапейцаў з дапамогай сацсетак.
На думку кіраўніка Эўракамісіі, фінансаваньне мераў па ўмацаваньні абараназдольнасьці павінна ажыцьцяўляцца з выкарыстаньнем бюджэтных сродкаў, якія паступаюць за кошт унёскаў краін-чальцоў Эўразьвязу.
Пагадненьні аб стварэньні ЭЗ прадугледжваюць сумесную абаронную палітыку, але не прадугледжваюць фінансаваньня апэратыўных выдаткаў на ваенныя і абаронныя мэты зь бюджэту ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Эўразьвяз узгадніў праект аб гарантыях бясьпекі для Ўкраіны