На тэрыторыі папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску адбыўся пажар, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.
Адзначаецца, што інцыдэнт здарыўся 23 траўня ў «будынку, дзе знаходзіцца турэмная крама (так званая „атаварка“ для асуджаных)». Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што адміністрацыя калёніі «хацела схаваць факт, але давялося выклікаць пажарны разьлік, і інфармацыя выйшла за сьцены ўстановы».
«Нягледзячы на моцнае задымленьне, узгараньне аказалася нескладаным і яго хутка патушылі, аднак пажарныя забаранілі карыстацца памяшканьнем», — паведамляюць праваабаронцы.
Паводле іх, на працягу двух гадоў у бабруйскай калёніі «сіламі вязьняў і за іх кошт вядзецца бясконцы рамонт». Цяпер у плянах адміністрацыі — «павелічэньне плошчы памяшканьня для прыёму перадач і кароткатэрміновых спатканьняў».
Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у бабруйскай калёніі № 2 адбывае пакараньне 89 палітвязьняў, сярод іх — сын Віктара Бабарыкі, кіраўнік ягонага выбарчага штабу Эдуард Бабарыка, кіраўнік незалежнага прафсаюзу Генадзь Фядыніч, блогеры Андрэй Казлоў («Шэры кот») і Павал Сьпірын, хірург Андрэй Любецкі, журналіст Павал Мажэйка і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бунт у 2020-м, уцёкі зьняволеных. Расказваем пра Бабруйскую калёнію № 2