У Вільні каля амбасады Беларусі 26 траўня апаганены мэмарыял памяці загінулых пасьля 2020 году беларусаў «Вахта сьвятла», паведамляе літоўскае выданьне Lrt.lt.
На імправізаваным мэмарыяле перакулілі некаторыя партрэты, разьбілі сьвечкі.
Паводле інфармацыі дзяжурнага Галоўнага камісарыята паліцыі па Віленскім павеце, мэмарыял апаганіў чалавек зь «неадэкватнымі паводзінамі». Паліцыянты яго затрымалі і даставілі ў аддзяленьне.
Праводзіцца расьсьледаваньне.
Удзень 26 траўня валянтэры дапамаглі аднавіць мэмарыял (фота чытача Свабоды):
- Гэта ўжо не першы падобны акт вандалізму. Так, у жніўні 2023 году невядомыя аганілі мэмарыял: раскідалі практычна ўсе лямпадкі, многія зь іх разьбілі. Неабыякавыя беларусы рэгулярна аднаўляюць мэмарыял.
- Мэмарыял памяці беларусаў у Вільні ў 2020 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі падчас пратэстаў былі забітыя Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў і іншыя беларусы, што негвалтоўна выступілі супраць улады.
- Мэмарыял уяўляе сабой фота ўсіх вядомых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, а з пачаткам вайны ва Ўкраіне — і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, ваюючы за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі. Побач з фатаздымкамі стаяць лямпадкі, якія штовечар запальваюць, таксама беларусы прыносяць да мэмарыялу кветкі, прыбіраюцца, сочаць за станам партрэтаў.
- У кастрычніку 2020 году мэмарыял ужо спрабаваў зьнішчыць пралукашэнкаўскі і прарасейскі блогер Лаўрынас Рагельскіс.