Па стане на 16:11 менскага часу колькасьць загінулых ад абстрэлу будаўнічага супэрмаркета вырасла да 16 чалавек, паведаміў 26 траўня кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. Пацярпелі 43 чалавекі.
Што да ракетнага абстрэлу цэнтру Харкава, колькасьць пацярпелых вырасла да 25 чалавек, сярод іх — 14-гадовы хлопчык. Агулам у выніку расейскіх удараў па Харкаве ўчора раненьні атрымалі 68 мірных жыхароў, паведамілі ў Харкаўскай абласной пракуратуры.
25 траўня ўкраінскія ўлады паведамілі пра абстрэл цэнтру Харкава. Мэр Ігар Церахаў распавёў, што ў выніку трапляньня ракеты С-300 разбураная майстэрня адукацыйнай установы, пашкоджаны 31 аўтамабіль, выбіта шкло ў некалькіх шматпавярховіках вакол.
На будаўнічы гіпэрмаркет «Эпіцэнтар» у спальным раёне Харкава 25 траўня скінулі дзьве кіраваныя авіябомбы, заявіў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. Паводле яго, у выніку там узьнік маштабны пажар плошчай 15 тысяч квадратных мэтраў, які ўдалося патушыць толькі пад раніцу. Мэр Харкава Ігар Церахаў раней напісаў, што расейскія войскі, мяркуючы па ўсім, наносілі ўдар менавіта па гандлёвым цэнтры. Сярод загінулых ёсьць супрацоўнікі гіпэрмаркета.
У Расеі неафіцыйна прызналі ўдар па Харкаве. Расейскія СМІ са спасылкай на «сілавыя структуры» сьцьвярджаюць, што ў гандлёвым цэнтры ўкраінскія вайскоўцы нібыта «разьмясьцілі вайсковы склад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі абстралялі спальны раён у Харкаве, ёсьць загінулыя