На думку палітыка, КР «павінна адказваць на запыты беларусаў, абараняць іх інтарэсы», і ёй бы хацелася «там чуць і бачыць розныя галасы, новыя ідэі і людзей з рознымі поглядамі». «Мы ўсе розныя, але ў нас адна мэта — свабодная Беларусь», — падкрэсьліла лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі у сваім тэлеграм-канале.
«Я ведаю і бачу ўсе хібы і недасканаласьці выбараў і сыстэмы галасаваньня, — сказала яна. — Але гэта першая спроба Каардынацыйнай рады арганізаваць незалежны выбарчы працэс, чаго беларусы пазбаўленыя былі дзесяцігодзьдзямі».
Ціханоўская падзякавала «усім, хто вылучаецца і галасуе», а таксама падтрымала тых, хто «ужо зазнаў рэпрэсіі за ўдзел у кампаніі, новыя крымінальныя справы і перасьлед блізкіх».
«Рэжым працягвае запалохваць і спрабуе сарваць дэмакратычны працэс, бо бачыць у гэтым пагрозу сваёй злачыннай уладзе», — лічыць палітык.
Выбары ў КР пачаліся апоўначы 25 траўня і, згодна з першапачатковым плянам, мусяць завяршыцца ў 23:59 27 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Каардынацыйную раду пачаліся з начной DDoS-атакі. Як яны праходзяць, хто ўдзельнічае і як галасаваць