Кніга Стывэна Кінга ўпершыню выйшла па-беларуску. У Расеі ягоныя кнігі не выдаюць з 2022 году

Упершыню ў перакладзе на беларускую мову выдадзены раман «Зьзяньне» культавага амэрыканскага пісьменьніка Стывена Кінга.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч», перакладчыца — Наста Карнацкая.

Продаж кнігі ўжо стартаваў на сайце онлайн-кнігарні «Кнігаўка», дастаўка даступная ў 45 краінаў сьвету, у тым ліку ў Беларусь.

Раман «Зьзяньне», напісаны ў жанрах жаху, псыхалягічнай драмы і гатычнай літаратуры, выйшаў у 1977 годзе і праз тры гады быў бліскуча экранізаваны Стэнлі Кубрыкам.

Дагэтуль кнігі Стывэна Кінга на беларускую мову не перакладалі. У красавіку 2023 году беларускаму выдаўцу Андрэю Янушкевічу ўдалося заключыць дамову са Стывэнам Кінгам на выданьне ягоных кніг. У плянах выдавецтва — выдаць па-беларуску як старыя, так і новыя творы Кінга.

У сакавіку 2022 году Стывэн Кінг, адзін з самых вядомых аўтараў у сьвеце, які актыўна выступае ў падтрымку Украіны, заявіў пра адмову перавыдавацца ў Расеі пасьля ўводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. Кінг — самы публікаваны пісьменьнік на расейскім рынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хэлоў, Стывэн!» Янушкевіч расказаў, як вёў перамовы са Стывэнам Кінгам, чаму выбраў яго і як яму дапамог «Магістрат „Кнігаўка“»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стывэн Кінг адмовіўся перавыдавацца ў Расеі праз расейскі напад на Ўкраіну