ЗША перададуць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 275 мільёнаў даляраў, у які, акрамя іншага, увойдуць боепрыпасы для РСЗА HIMARS і 155-мілімэтровыя снарады для артылерыі. Пра гэта паведаміў Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
У чарговы пакет таксама ўвойдуць супрацьтанкавыя гранатамёты Javelin і AT4, міны для мінамётаў калібра 60 мм, супрацьтанкавыя міны, ракеты TOW, тактычныя машыны, стралковая зброя і боепрыпасы да яе.
З пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ЗША перадалі Кіеву вайсковай дапамогі на 51 мільярд даляраў.
У красавіку прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў закон аб выдзяленьні 60,84 млрд даляраў вайсковай дапамогі Ўкраіне. Зь іх каля 23 млрд даляраў пойдуць на папаўненьне запасаў амэрыканскай зброі, больш за 11 млрд — на фінансаваньне бягучых ваенных апэрацый ва Ўкраіне і яшчэ амаль $14 млрд — на закуп узбраеньня і абароннай прадукцыі. Таксама Ўкраіне дадуць 7,85 млрд даляраў у крэдыт для падтрыманьня эканомікі. Акрамя таго, законапраект прадугледжвае пастаўку Кіеву дальнабойных ракет ATACMS.
Пасьля падпісаньня закона Пэнтагон аб’явіў аб выдзяленьні Кіеву першага пакета дапамогі на 1 млрд даляраў. У яго, у прыватнасьці, увайшлі баявыя машыны пяхоты Bradley, боепрыпасы для РСЗА HIMARS, высокадакладныя авіяцыйныя боепрыпасы, супрацьпаветраныя ракетныя комплексы Stinger, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin і AT4, снарады і транспартныя сродкі.
Тым часам у Белым доме абмяркоўваюць магчымасьць аслабіць забарону Ўзброеным сілам Украіны біць па вайсковых абʼектах на тэрыторыі Расеі. Дэбаты ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША пачаліся з ініцыятывы Дзярждэпартамэнту — з такой прапановай выступіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасьля візыту ва Ўкраіну. Адмяніць забарону на ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Расеі таксама заклікаў кіраўнік NATO Енс Столтэнбэрг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік NATO: ва Ўкраіны павінна быць права біць па Расеі заходняй зброяй