Акцыю зладзілі чэмпіёнка сьвету па тайскім боксе Марына Зялёная і праваабаронца Раман Кісьляк, якія былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі і папрасілі грузінскія ўлады надаць ім статус уцекачоў.
Кісьляк паведаміў, што ў 2019–2024 гадах беларусы «50 разоў зьвярталіся» па адпаведны статус у гэтай краіне. «За гэты час ніводнага статусу беларусам не прадстаўлена: ні статусу бежанца, ні гуманітарнага статусу», — падкрэсьліў праваабаронца.
Яму вядомыя тры беларускія сям’і, у дачыненьні да якіх перавышаны гранічна дазволены заканадаўствам тэрмін разгляду адпаведных заяў — 21 месяц.
Пікет цягнуўся больш за тры гадзіны.
«Пасьля абеду да нас выйшаў супрацоўнік дэпартамэнту, начальнік аддзела зь перакладчыцай, паслухаў, што мы патрабуем, і абяцаў, што яны зьвернуць увагу на нашы патрабаваньні», — сказаў Кісляк.
Праваабаронца дадаў, што плянуецца сэрыя пікетаў па розных праблемах легалізацыі беларусаў у Грузіі. Ён разьлічвае на тое, што ўлады краіны прыслухаюцца да іх.
- Кісьляк і Зялёная зьяўляюцца кандыдатамі ў члены Каардынацыйнай рады трэцяга складу, але прадстаўляюць розныя сьпісы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэраг краінаў ЭЗ прапанавалі адмяніць бязьвізавы рэжым для Грузіі ў сувязі з законам пра «іншаземных агентаў»