За «падрыхтоўку дывэрсій» у Горадні на 21 і 23 гады асудзілі беларуса і расейца

У Горадзенскім абласным судзе з 26 лютага ў закрытым рэжыме за «падрыхтоўку дывэрсій» судзілі беларуса Вадзіма Пацэнку і грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі Аляксея Кулікова.

Іх абвінавачвалі агулам па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасьць). 11 красавіка Валер Раманоўскі агучыў прысуд. Вадзіма Пацэнку асудзілі на 21 год калёніі, а Аляксея Кулікова — на 23 гады зьняволеньня, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Апошняе слова Кулікоў прамовіў па-ўкраінску, а Пацэнка заявіў «аб наяўнасьці ў яго дзеяньнях палітычнай падаплёкі», паведамляюць праўладныя Telegram-каналы, нягледзячы на тое, што суд быў закрыты.

22-гадовы Вадзім Пацэнка родам са Сьвіслачы, але жыў у Горадні. Ён займаўся спортам, у тым ліку прадстаўляў родны горад на юніёрскім спартыўным шматбор’і. Пацэнку затрымалі 3 сакавіка 2023 году. У праўладным фільме «Гаспар ня выйшаў на сувязь» заявілі, што ён нібыта павінен быў учыніць дывэрсію ў Горадні. На кадрах допыту ён кажа, што яму «паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі». Ужо тады заявілі, што яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 іншаземных шпіёнаў за два гады. Як і каго ў Беларусі абвінавачвалі ў агентурнай дзейнасьці

Грамадзяніну Расейскай Фэдэрацыі Аляксею Кулікову 36 гадоў. У тым жа праўладным фільме расказалі, што год таму Кулікоў зьбег ад прызыву, а трапіць у Горадню яму дапамог расейскі апазыцыянэр Данііл Крынары (Кавалеўскі). Кулікова затрымалі 26 лютага 2023 году. Па вэрсіі КДБ, Аляксей здымаў на фота абʼекты ў Горадні для «ўкраінскіх спэцслужбаў» — ваенкамат Горадні і Горадзенскага раёну, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёну Аульс, нафтабазу раёну Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэксу.

Вадзіма Пацэнку і Аляксея Кулікова агулам абвінавацілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму);
  • ч. 3 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму);
  • арт. 358-1 (агентурная дзейнасьць);
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думалі, што іх цягнікі будуць кідаць пад адхон». Як беларускія партызаны на тыдзень спынілі расейскія эшалёны

Праваабаронцам вядома пра 11 затрыманых рэйкавых партызанаў пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Ім ад 28 да 52 гадоў, усе мужчыны, усе жыхары рэгіёнаў — ня Менску і не абласных цэнтраў. У многіх ёсьць малыя дзеці, нават немаўляты.

Мужчын забіралі амаль адразу пасьля меркаваных дывэрсій — з 28 лютага да 4 сакавіка 2022 году. Большасьць зь іх вінавацілі ў «акце тэрарызму», унесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс» і судзілі ў закрытым рэжыме. Некаторых пасадзілі толькі за «намер зрабіць дывэрсію».

Ім прысудзілі ад 11 да 23 гадоў калёніі. На ўсіх — 176,5 года. Толькі аднаму зь іх — Яўгену Мінкевічу з Бабруйску — далі мінімальны тэрмін у 1,5 года калёніі за «неданясеньне аб злачынстве». Яго выпусьцілі з залі суду па амністыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пасьля інцыдэнтаў на чыгунцы зацьвердзілі парадак, як інфармаваць аб пагрозах нападаў на транспартную інфраструктуру

У Беларусі паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве») перасьледуюць дзясяткі беларусаў і беларусак, і гэта адбываецца з палітычных матываў.

Улады актыўна выкарыстоўваюць гэты артыкул у барацьбе з тымі, хто выступае супраць палітыкі Лукашэнкі.

Калі два гады таму налічвалася 12 палітзьняволеных, якіх перасьледавалі за «здраду дзяржаве», то цяпер — 39. За гэты час адбылося значнае пашырэньне артыкула і яго прымяненьня. Усяго налічваецца мінімум 55 фігурантаў справаў аб «здрадзе дзяржаве». Гэта асуджаныя, у тым ліку завочна, і тыя, хто ўтрымліваецца пад вартай у чаканьні суду ці пад судом.

Праваабаронцам вядома, што ў Беларусі асудзілі сама меней 44 чалавекі паводле арт. 356 КК. Зь іх дваіх — завочна. Яшчэ мінімум дзесяць беларусаў утрымліваюцца пад вартай у чаканьні суду ці пад судом. Лічба можа быць большай, бо справы аб «здрадзе дзяржаве» знаходзяцца пад заслонай сакрэтнасьці, а суды ў сваёй пераважнай большасьці праходзяць у закрытых рэжымах. Так, напрыклад, суд над журналістам Дзянісам Івашыным закрылі з прычыны таго, што ў працэсе «разглядалі зьвесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу».

Але, нягледзячы на гэта, падрабязнасьці некаторых справаў могуць паведамляць дзяржаўныя і прапагандысцкія мэдыя і прэс-службы ведамстваў.

Паводле артыкула «здрада дзяржаве» ў Беларусі ўжо асуджаныя і адпраўленыя ў калёніі, сярод іншых:

  • капітан Генштабу Ўзброеных сіл Дзяніс Урад (18 гадоў калёніі);
  • былы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч (10 гадоў);
  • мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна (14 і 9 гадоў адпаведна);
  • незалежныя журналісты Кацярына Бахвалава (Андрэева, 8 гадоў) і Дзяніс Івашын (13 гадоў і 1 месяц);
  • 10 фігурантаў «справы Рабочага руху» (ад 11 да 15 гадоў);
  • культурніцкі мэнэджар Павал Белавус (13 гадоў);
  • «рэйкавыя партызаны» Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў (ад 21 да 23 гадоў);
  • ІТ-спэцыяліст Дзьмітры Маставы (10 гадоў);
  • апазыцыянэр Мікалай Аўтуховіч (25 гадоў);
  • музыка-бубнач Яўген Глушкоў (9 гадоў);
  • былы вайсковец Павал Кучынскі (19 гадоў);
  • прадпрымальнік і заснавальнік візавага цэнтру Гішпаніі ў Менску Руслан Лабанок (11 гадоў);
  • начальнік цэху «Гомсельмаш» Уладзіслаў Пудзяк (прысуд невядомы);
  • былы супрацоўнік МЗС Аляксандар Сакалоўскі (10 гадоў);
  • дальнабойнік і былы супрацоўнік лідзкай аховы Валер Троцкі (12 гадоў);
  • былы начальнік службы паветранай выведкі Валер Раманоўскі (прысуд невядомы);
  • былы галоўны доктар санаторыю «Беларусь» у Літве Андрэй Кобель (прысуд невядомы).

З сакавіка 2023 году пад вартай у СІЗА КДБ паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу ўтрымліваецца палітоляг і аналітык Андрэй Паротнікаў. Таксама за «здраду дзяржаве» пад вартай у тым жа ізалятары — ксёндз з Валожына Генрых Акалатовіч. Сутнасьць абвінавачаньняў пакуль невядомая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.