Сьвятлана Ціханоўская паведаміла аб плянах правесьці трэцюю канфэрэнцыю «Новая Беларусь» у сталіцы Літвы 3–4 жніўня.
Адзначаецца, што мэта форуму — сабраць беларускія дэмакратычныя сілы, актывістаў і актывістак, грамадзкія і культурніцкія ініцыятывы і дыяспару на адной пляцоўцы, каб абмеркаваць стратэгічныя прыярытэты дэмакратычнага руху на 2025 год, актуалізаваць выклікі супольнасьці і разам знайсьці шляхі іх вырашэньня.
Бліжэйшым часам будзе сфармаваная працоўная група, якая падрыхтуе зьмест, парадак дня і прапрацуе дэталі мерапрыемства.
«На Канфэрэнцыі Новай Беларусі мы зможам разам, шчыра і адкрыта ацаніць усе выклікі, зь якімі сутыкаемся на нашым шляху, прааналізаваць памылкі. Абмеркаваць, што хвалюе беларусаў і беларусак, якія кожны дзень праходзяць праз шматлікія выпрабаваньні. Нам трэба пачуць адно аднаго, нават калі здаецца, што цяжка прыйсьці да агульнага разуменьня. Толькі сумеснымі намаганьнямі мы можам дамагчыся посьпеху», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
- Летась канфэрэнцыя «Новая Беларусь» праходзіла ў Варшаве, у 2022 годзе — у Вільні.