Дата дня
1992 — у Беларусі ўвялі ў грашовы абарот разьліковыя квіткі Нацыянальнага банку РБ («зайчыкі»), якія атрымалі назву «беларускі рубель». Падчас распаду агульнасавецкай грашовай сыстэмы спачатку ў краіне ўвялі купонную сыстэму, а потым — разьліковыя квіткі Нацбанку.
Таксама ў гэты дзень
1863 — параза паўстанцаў на чале з Рамуальдам Траўгутам пад Горкамі (Кобрынскі павет).
1907 — у Вільні адбыўся зьезд настаўнікаў, на якім стварылі Беларускі настаўніцкі саюз.
1938 — НКВД БССР асудзіў на расстрэл Палуту Бадунову, палітыка, чальца ўраду БНР.
1938 — у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар опэры і балету.
1944 — у Менску ствараецца музэй Янкі Купалы.
1991 — У Менску пачаўся I Міжнародны кангрэс беларусістаў.
У гэты дзень нарадзіліся
1880 — Вацлаў Іваноўскі, палітычны і грамадзкі дзяяч, доктар тэхнічных навук.
1905 — Сяргей Хмара, беларускі пісьменьнік, журналіст, выдавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Канадзе.
1911 — Фёдар Сурганаў, старшыня прэзыдыюму ВС БССР.
1930 — Мікалай Дземянцей, старшыня ВС БССР. Пад ягоным старшынствам ВС прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.
1937 — Мікола Купрэеў, беларускі паэт.
1949 — Леанід Барткевіч, беларускі сьпявак і музыка, саліст ансамблю «Песьняры».
1978 — Павал Мажэйка, журналіст, культурны мэнэджар, палітвязень.
У памяці
1917 — Максім Багдановіч, беларускі паэт. Пахаваны на старых гарадзкіх могілках у Ялце.
У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Максім Багдановіч, Ялта, 1917
1926 — Сымон Пятлюра, украінскі дзяржаўны і палітычны дзяяч, публіцыст, стваральнік украінскіх узброеных сілаў.
1937 — Станіслаў Гайдукевіч, архітэктар, ахвяра сталінізму, скончыў жыцьцё самагубствам у турме НКВД.
1942 — Іван Замоцін, літаратуразнавец, памёр у турэмным шпіталі ў Горкім (Ніжні Ноўгарад).
1964 — Васіль Залатароў, кампазытар, народны артыст Беларусі.
1968 — Францішак Кушаль, вайсковы і палітычны дзяяч.
1970 — Мікола Абрамчык, беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч, старшыня Рады БНР (1947–1970).
1987 — Яўген Калубовіч (на эміграцыі Каханоўскі), гісторык, грамадзка-палітычны дзяяч, літаратуразнавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.
2007 — Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар беларускай службы Радыё Свабода, заснавальнік беларускай Вікіпэдыі.