Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы падрыхтавала канкрэтны пералік сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расейскага і беларускага паходжаньня, увоз якіх забароняць з трэцяга чэрвеня.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні міністэрства, у пераліку цяпер больш за 2,8 тысячы відаў прадукцыі. Яго яшчэ мусіць зацьвердзіць сваёй пастановай урад Літвы.
«Зацьвярджэньне гэтага сьпісу забароненых сельскагаспадарчых прадуктаў і кармоў аслабіць эканоміку краін, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы, і адначасова ўмацуе нацыянальную бясьпеку нашай краіны», — паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Літвы.
Пералік падрыхтавалі з улікам колькасьці, структуры і вартасьці імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў. У ім вызначаны 24 групы прадукцыі, у тым ліку жывая жывёла, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты яго перапрацоўкі, яйкі, натуральны мёд, прадукты нежывёльнага паходжаньня, расьліны, гародніна, садавіна, кава і спэцыі, збожжа, крупы, алей, напоі, тытунь і іншыя прадукты.
У той жа час у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Літвы зьвярнулі ўвагу на тое, што "сельскагаспадарчая прадукцыя, якая не мае альтэрнатыўных крыніц імпарту (некаторыя грыбы, ягады, патака, некаторыя віды кармоў для жывёлы і іншыя) не ўключылі ў пералік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як Эўразьвяз абмяжуе пастаўкі збожжа зь Беларусі і РасеіУ сакавіку Літва разам з Латвіяй, Эстоніяй, Польшчай і Чэхіяй заклікала Эўракамісію прааналізаваць магчымасьць абмежаваньня імпарту ў ЭЗ прадуктаў харчаваньня, якія паходзяць зь Беларусі і Расеі.
- Першай краінай ЭЗ, якая забараніла імпарт сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі зь Беларусі і Расеі, стала Латвія. 22 лютага Саэйма Латвіі ўхваліла забарону на ўвоз гэтай прадукцыі зь Беларусі і Расеі, а таксама з трэціх краін. Забарона ня тычыцца прадукцыі, якая ідзе праз Латвію ў іншыя дзяржавы ЭЗ.
- Эмбарга пачне дзейнічаць з 8 сакавіка. 5 сакавіка ўрад Латвіі зацьвердзіў пералік забароненай для ўвозу зь Беларусі прадукцыі. Забарона распаўсюджваецца на гародніну, садавіну, ягады і арэхі, збожжавыя, кармавую сыравіну і гатовыя кармы. Так, у пераліку забароненых для імпарту — бульба, памідоры, цыбуля, часнык, капуста, морква, агуркі, іншая гародніна. Таксама ў Латвію нельга будзе ўвозіць пшаніцу, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, рыс, сорга і грэчку. Агулам сьпіс забароненых тавараў вялікі.
- 4 сакавіка прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў пра намер ініцыяваць увядзеньне «поўных санкцыяў» на ўвоз у Эўразьвяз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў зь Беларусі і Расеі.