Выйшаў на волю айцец Павал Лемех з ордэну Місіянэраў-аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіянальным санктуарыі ў Шуміліне, паведамляе Katolik.life.
Айца Паўла Лемеха затрымалі 8 траўня разам зь другім сьвятаром, айцом Анджэем Юхневічам, які таксама служыць у Шуміліне. Затрыманьне адбылося за нібыта «падрыўную дзейнасьць супраць беларускай дзяржавы».
Суд над затрыманымі ў Віцебскай вобласьці сьвятарамі адбыўся 10 траўня дыстанцыйна. Затрыманых не прывозілі ў суд, іх адміністрацыйную справу разглядалі праз Skype. Анджэя Юхневіча арыштавалі на 15 дзён, Паўла Лемеха на 10. Паводле якога артыкулу ў выніку судзілі сьвятароў, невядома.
Місіянэры-аблаты — каталіцкі ордэн з двухсотгадовай гісторыяй. У сьвеце працуе каля 3500 аблатаў, сярод іх 2 кардыналы, 7 арцыбіскупаў і 36 біскупаў.
Згодна з маніторынгам ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з 2020 году перасьлед зазналі ня менш як 26 прадстаўнікоў Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя выракі двум каталіцкім сьвятарам зь Віцебскай вобласьці