Да 1 верасьня банкі Беларусі павінны перадаць падатковай зьвесткі пра кліентаў – фізычных асобаў, на рахункі якіх за 2023 год паступіла агулам 150 тысяч рублёў і больш (патрабаваньне ўвялі яшчэ летась). У новай пастанове Міністэрства падаткаў і збораў апісала, якія канкрэтна зьвесткі маюць перадаваць банкі.
Ліміт у 150 тысяч рублёў датычыцца ўсіх рахункаў кліента банку, у тым ліку валютных. Валюту будуць пераводзіць у рублі паводле курсу Нацыянальнага банку на дату паступленьня грошай. Банкі будуць перадаваць дадзеныя аб рахунках кліентаў – фізычных асоб, калі сума прыходных апэрацый па рахунку перавысіла 150 тысяч рублёў. Выключэньне – рахункі па ўкладах. Таксама ў прыходныя апэрацыі ня будуць уключаць сумы, зьвязаныя з адменай апэрацый па картках. Ня будуць улічваць і авэрдрафтныя крэдыты, а таксама сумы ў некаторых іншых апэрацыях.
Калі кліент банку перавышае ліміт 150 тысяч рублёў, банкі мусяць паведаміць падатковай інспэкцыі:
- нумар асабовага рахунку кліента,
- валюту, у якой прыйшлі грошы,
- даты адкрыцьця і закрыцьця рахунку (нават калі рахунак закрыць, зьвесткі ўсё адно перададуць падатковай),
- асабістыя зьвесткі кліента банку (ідэнтыфікацыйны нумар, прозьвішча, імя і імя па бацьку, зьвесткі з дакумэнта, які пацьвярджае асобу, і грамадзянства кліента).
Гэтая інфармацыя, сярод іншага, павінна дапамагчы падатковай у пошуку тых, у каго выдаткі перавышаюць даходы. Раней у Міністэрстве падаткаў і збораў казалі, што кожны год правяраюць выдаткі і даходы больш як 200 тысяч чалавек, і калі знаходзяць перавышэньне выдаткаў над даходамі, просяць людзей патлумачыць, адкуль тыя ўзялі грошы (так, летась каля 2,5 тысячы беларусаў не змаглі растлумачыць паходжаньне сваіх даходаў і мусілі заплаціць агулам амаль 29 млн рублёў падаткаў). Для гэтага падатковая запытвае зьвесткі за апошнія 10 гадоў.
Цяпер банкі маюць даваць падатковай гэтыя зьвесткі штогод да 1 сакавіка (за папярэдні год), але за 2023 год такія зьвесткі трэба падаць да 1 верасьня 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супэрбаза» даходаў насельніцтва і новыя мытныя правілы. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 красавіка