CPJ заклікаў улады Беларусі спыніць перасьлед журналістаў у выгнаньні і забясьпечыць свабодную працу СМІ як за мяжой, так і дома.
Раней сілавікі ўзламалі дзьверы, а потым апячаталі кватэру журналіста-выгнанца Зьмітра Казакевіча 16 траўня 2024 году.
«Узлом і апячатваньне майго дома ў Беларусі я расцэньваю як помсту. Гэта запрашэньне, якое я адхіляю», — сказаў Казакевіч CPJ.
Раней улады праводзілі ператрусы ў кватэры Казакевіча тройчы ў пэрыяд з 2020 па 2021 гады, у тым ліку ў ліпені 2021 году. Казакевіч, журналіст-фрылансэр, які асьвятляў пратэсты 2020 году супраць спрэчнага пераабраньня Аляксандра Лукашэнкі, быў аштрафаваны і затрыманы ў сувязі са сваёй працай і пакінуў Беларусь у 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кватэры журналіста-фрылансэра зь Віцебску супрацоўнікі КДБ выламалі дзьверы, жытло апячаталі17 траўня сілавікі правялі ператрус у кватэры намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага па неўстаноўленай крымінальнай справе. Ці забралі супрацоўнікі нешта з кватэры, пакуль незразумела, бо Гарэцкі выехаў зь Беларусі ў 2021 годзе і ніякіх рэчаў там ня меў.
«Пасьля здушэньня незалежных СМІ ўнутры краіны ўлады Беларусі ня спыняцца ні перад чым, каб аказаць ціск на журналістаў у выгнаньні, такіх як Зьміцер Казакевіч, і на такіх, як Барыс Гарэцкі, які абараняе рэпрэсаваных прадстаўнікоў прэсы», — заявіла ў Нью-Ёрку прадстаўніца праграмы CPJ па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід.
Яна заклікала ўлады спыніць перасьлед журналістаў у выгнаньні:
«Улады павінны неадкладна зьняць любыя абвінавачаньні супраць Гарэцкага і Казакевіча і спыніць перасьлед незалежных СМІ як у краіне, так і за яе межамі», — падкрэсьліла прадстаўніца CPJ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па месцы рэгістрацыі ў Беларусі намесьніка старшыні БАЖ Гарэцкага прыходзілі зь ператрусам