Суд Маскоўскага раёну Берасьця 20 траўня 2024 году вынес прысуд васьмі мясцовым жыхарам за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Іх судзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Усіх іх асудзілі на зьняволеньне. Такое рашэньне вынес Яўген Брэган. У судовым пасяджэньні ўсе віну прызналі цалкам, паведамляе «Вясна».
Вядома, што Максім Собалеў, Глеб Клімовіч, Юлія Шаранава асуджаныя ў тым ліку паводле «наркатычных» артыкулаў.
Па выніках суду:
- Віталь Варфаламееў, Аляксандар Тысевіч, Васіль Алексяюк і Мікалай Нікіцюк былі асуджаныя на 2 гады калёніі агульнага рэжыму кожны.
- Мікіту Вайцюку прысудзілі адзін год калёніі агульнага рэжыму.
- Максіму Собалеву паводле ч. 1 арт. 342 КК было прызначылі два гады пазбаўленьня волі. Але з нагоды таго, што ён ужо асуджаны паводле «наркатычнага» арт. 328, ч. 4 КК, шляхам частковага складаньня асноўных пакараньняў і поўнага далучэньня дадатковага пакараньня яму прысудзілі 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 3200 рублёў.
- Юлію Шаранаву за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту асудзілі на 1,5 года зьянволеньня. Але праз тое, што яна была асуджаная паводле ч. 4 арт. 328 КК, ёй у выніку прызначылі 13 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам 3700 рублёў.
- Глебу Клімовічу прызначылі паводле ч. 1 арт. 342 КК 2 гады зьняволеньня, і па сукупнасьці злачынстваў шляхам паглынаньня менш строгага пакараньня больш строгім яму канчаткова прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Як адзначаюць праваабаронцы, Юлія Шаранава ўдзельнічала ў акцыях пратэсту з 10 да 11 жніўня 2020 году 16-гадовай, а Мікіту Вайцюку і Мікалаю Нікіцюку было па 17.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліна Шарэнда-Панасюк ня выйшла на волю пасьля 3,5 года турмы, яе арыштавалі на 10 дзён ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 траўня: украінца асудзілі на 6 гадоў за «агентурную дзейнасьць»; затрымалі сястру палітвязьня Вінярскага