Аб прызнаньні Палестыны як незалежнай дзяржавы 22 траўня заявіў прэм’ер-міністар Нарвэгіі Юнас Гар Стэрэ. Гэтае рашэньне набудзе моц 28 траўня, паведаміла NRK.
«Калі мы прызнаем Палестыну, мы зможам больш рашуча заахвочваць іншыя краіны падтрымліваць будаўніцтва палестынскай дзяржавы, і мы зможам прыцягнуць палестынскую дзяржаву да адказнасьці», — адзначыў Стэрэ.
На тэрыторыі, якую Нарвэгія прызнае Палестынай, за аснову ўзятыя межы да 1967 году. Гэта азначае Заходні Бераг, сэктар Газа, у дадатак да Іерусаліма ў якасьці агульнай сталіцы. Хаця Хамас цяпер кіруе сэктарам Газа, нарвэскі ўрад не жадае падтрымліваць яго ў палестынскай дзяржаве.
«Прызнаньне дзяржавы не азначае даць зялёнае сьвятло ўсёй палітыцы, якую яна праводзіць. Мы ня будзем надаваць падтрымку дзяржаве, якая дзейнічае сілай», — дадаў Стэрэ.
22 траўня пра прызнаньне Палестыны дзяржавай таксама заявілі Ірляндыя і Гішпанія. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар Ірляндыі Сайман Харыс, піша Irish Times.
Ізраіль у сувязі з гэтым ужо адклікаў сваіх дыпляматаў з Ірляндыі і Нарвэгіі, паведамляе AFP.
Агулам у якасьці незалежнай дзяржавы Палестыну прызналі 143 са 193 краінаў ААН, у тым ліку Беларусь, Расея, Украіна, краіны Паўднёвай Амэрыкі, Афрыкі, Кітай, Індыя, сярод эўрапейскіх дзяржаваў — Баўгарыя, Вугоршчына, Кіпр, Польшча, Румынія, Славакія, Чэхія, Швэцыя. Не прызналі незалежнасьці Палестыны большасьць краінаў Заходняй Эўропы, ЗША, Канада, Аўстралія і Японія.
Раней за стварэньне палестынскай дзяржавы выступіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. «Цалкам відавочна: стварэньне дзьвюх дзяржаваў — адзіны спосаб гарантаваць доўгатэрміновую бясьпеку як ізраільскага, так і палестынскага народаў», — заявіў ён.
Палестына мела ў ААН статус дзяржавы-назіральніка. 10 траўня Генасамблея ААН пашырыла правы Палестыны і прагаласавала за прыняцьце яе ў свой склад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту. Тлумачым у 10 пунктах