Вялікая Брытанія з 16 траўня ўвяла абмежаваньні на імпарт беларускага алюмінію і аказаньне спадарожных паслуг пры яго пастаўках, вынікае з інфармацыі, апублікаванай 21 траўня на брытанскім рэсурсе Global Sanctions.
Зьмены ўносяцца ў пакет антыбеларускіх санкцыяў, прынятых у 2019 годзе, якія зьведалі зьмены ў 2021, 2022 і 2023 гадах.
Акрамя гэтага, з 16 траўня Вялікая Брытанія ўводзіць новыя забароны ў дачыненьні да гандлю зь Беларусьсю некаторымі таварамі і тэхналёгіямі крытычнай прамысловасьці, якія тычацца электронікі, навігацыі і авіёнікі, аэракасьмічнай тэхнікі і сілавых установак, заўважыла выданьне «Позірк».
- Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны. У абноўлены сьпіс, які публікуе МЗС краіны, трапілі два беларускія прадпрыемствы — «Завод дакладнай электрамэханікі» і ААТ «Планар».
- Да гэтага апошні раз Вялікая Брытанія пашырала санкцыі ў дачыненьні да Беларусі 8 сьнежня 2023 году. Тады ў санкцыйны сьпіс уключылі 17 фізычных асобаў, якія займаюць пасады судзьдзяў і пракурораў.
- 6 сьнежня 2023 году Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць канструктарскага бюро «Дысплей» зь Віцебску, якое выпускае тэхніку для беларускага войска, у тым ліку ўдарныя бесьпілётнікі («Квадра-1400»).