Выйшла новая кніга палітзьняволенага беларускага юрыста Максіма Знака пад назвай «Зэкамэрон. Вершы. Гутаркі». Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла пісьменьніца Тацяна Нядбай.
Кніга выйшла ў варшаўскім выдавецтве «Полацкія лябірынты» да Дня салідарнасьці з палітвязьнямі 21 траўня.
Папярэдняя кніга Максіма Знака «Зэкамэрон» разышлася вельмі хутка, таму яе вырашылі перавыдаць, а ягоныя вершы і «Гутаркі» друкуюцца ўпершыню, адзначае Тацяна Нядбай.
Старт продажаў кнігі плянуецца ў Варшаве 25 траўня ў межах Варшаўскага кніжнага кірмашу (14.00–14.50) на стэндзе незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь» (стэнд 138, Мармуровая заля) (stoisko nr 138 w Sali Marmurowej, PKiN). Кірмаш праходзіць у Варшаве 23–26 траўня па адрасе: Pałac Kultury i Nauki, plac Defilad.
Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. 6 верасьня 2021 году Менскім абласным судом прызнаны вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».
Атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У зьняволеньні Максім Знак напісаў ужо тры кнігі. Ягоная кніга «Зэкамэрон» стала адным зь пераможцаў беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», а пераклад яе на ангельскую трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.
У траўні ў Варшаве з аншлягам прайшла прэм’ера спэктакля паводле «Зэкамэрона» Максіма Знака. Са 100 апавяданьняў палітвязьня тэатральная група «Купалаўцы» выбрала два дзясяткі самых аптымістычных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым больш сьмеху, тым больш сьлёз». Як прайшла прэм’ера спэктакля паводле кнігі Максіма Знака ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раман «Зэкамерон» палітвязьня Максіма Знака ўвайшоў у шорт-ліст брытанскай літаратурнай прэміі