Разгортваецца чарговая справа за дзейнасьць на карысьць Расеі ў Польшчы. Раней у краіне арыштавалі 9 чалавек за «акты сабатажу ў інтарэсах Расеі». Сярод арыштаваных і беларусы.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск у перадачы Fakty po Faktach заявіў, што галоўнай задачай уладаў зараз зьяўляецца поўнае вяртаньне кантролю над тым, што адбываецца на тэрыторыі дзяржавы. Раней такога кантролю, паводле словаў Туска, не было. Ён адзначыў, што арыштавалі 9 чалавек, ім выставілі абвінавачаньні.
Арыштаваныя ўдзельнічалі ў «актах сабатажу ў Польшчы непасрэдна на заказ расейскіх спэцслужбаў». Сярод іх — грамадзяне Беларусі, Украіны і Польшчы. Некаторыя зь іх маюць дачыненьне да крымінальных супольнасьцяў.
«Пятля інфармацыі, якую зьбіраем, заціскаецца вакол колішняга міністра абароны Антонія Мацярэвіча», — сказаў Туск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Польшчы расказалі аб плянах удасканаліць загароду на мяжы зь БеларусьсюКіраўнік польскага ўраду адзначыў, што краіне патрэбна камісія, якая будзе дасьледаваць ступень уплыву расейскіх спэцслужбаў на тое, што адбываецца ў Польшчы на розных узроўнях улады і адміністрацыі. Падрабязнасьці праблемы Туск раскажа на пасяджэньні ўраду, а затым прэсе. Пасьля гэтага стане вядомы і склад камісіі.
«Што тычыцца актаў сабатажу і дывэрсій, справа вельмі сур’ёзная. Яна тычыцца некалькіх эўрапейскіх дзяржаў. На гэты момант дакладна вядома, што Польшчы, Літвы і Латвіі. Прыходзяць таксама сыгналы са Швэцыі, што некаторыя дзіўныя здарэньні таксама могуць быць наступствамі сабатажу», — адзначыў Туск.
Кіраўнік польскага ўраду зьвярнуў увагу на тое, што сярод замахаў на злачынствы «стаіць даволі вядомы выпадак ва Ўроцлаве, дзе перадухілілі спробу падпалу завода па вытворчасьці фарбаў, побач быў хімзавод». Польскія службы ўпэўненыя, што гэта зроблена на замову расейскіх спэцслужбаў.
Сярод выпадкаў, што расьсьледуюцца, таксама падпал складу IKEA ў Літве. Іншыя выпадкі сабатажу таксама ў асноўным зьвязаныя з падпаламі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туск: сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю складаная; у апошнія тыдні спэцслужбы Польшчы спынілі спробы дывэрсіяўТаксама Туск сказаў пару словаў і пра судзьдзю Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь і папрасіў у Лукашэнкі палітычнага прытулку. Ён адзначыў, што яго наймаў на працу Зьбігнеў Зёбра, які ў часы ўраду ПіС «разбураў польскую судовую сыстэму». Таксама ўспомніў некалькіх чалавек, зьвязаных з праверкамі ў войску, якія трансьлявалі прапуцінскія погляды.
«Такія людзі траплялі ў самыя ключавыя месцы», — дадаў Туск.
Новыя спробы Крамля дэстабілізаваць Польшчу сёньня, на думку прэм’ера Туска, зьвязаныя з выбарамі ў Эўрапейскі парлямэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрэты судзьдзі, якому Лукашэнка даў ахову за грошы беларусаў