Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз працягне падтрымку тых, хто выступае за дэмакратычную Беларусь.
Бурэль адзначыў, што рэжым Лукашэнкі перасьледуе сем'і беларусаў, якія пакінулі краіну.
«Рэжым усё часьцей перасьледуе і тых, хто зьехаў з краіны. Эўрапейскі Зьвяз асуджае апошнюю хвалю рэйдаў і канфіскацыі маёмасьці палітычных актывістаў, якія працягваюць сваю дзейнасьць у абарону свабоды ў выгнаньні. 104 чалавекі былі дададзеныя ў сьпіс падазраваных у рамках масавага крымінальнага расьсьледаваньня ў дачыненьні да беларусаў за мяжой».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа 104». Да некаторых эмігрантаў ужо прыйшлі па месцы жыхарства ў Беларусі з вобшукамі, у іншых апісваюць маёмасьцьТаксама ў Брусэлі падкрэсьлілі, што разумеюць цяперашнюю сытуацыю ў краіне і тое, што становішча палітычных зьняволеных, ня менш як пяць зь якіх за кратамі памерлі, застаецца жахлівым.
«Сёньня ў Беларусі па-ранейшаму застаецца каля 1400 палітвязьняў. Сотні маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, інваліднасьць, узрост старэйшы за 60 гадоў, пакутуюць на псыхічныя разлады. Іх незаконна ўтрымліваюць у зьняволеньні, падвяргаюць катаваньням і жорсткаму абыходжаньню, уключаючы пазбаўленьне неабходнай мэдычнай дапамогі», — гаворыцца ў заяве.
21 траўня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі. Ён прымеркаваны да дня, калі пайшоў з жыцьця беларускі палітзьняволены Вітольд Ашурак.
Грамадзкі дзяяч зь Бярозаўкі і сябра Партыі БНФ загінуў 21 траўня 2021 году пры нявысьветленых абставінах у калёніі ў Шклове. Паводле рашэньня суду ў Лідзе ён атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля выбараў у жніўні 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раю „беглым“ забыць пра сваю ўласнасьць». Пра палітычныя канфіскацыі маёмасьці як інструмэнт помсты і застрашваньня