Прэзыдэнт Ірану загінуў у выніку крушэньня верталёта. Фота зь месца здарэньня
Скрыншот зь відэа, апублікаванага Чырвоным Паўмесяцам Ірану 20 траўня, паказвае, як ратавальнікі выцягваюць целы зь месца, дзе разьбіўся верталёт з прэзыдэнтам Ірану Раісі ў ахутанай туманам горнай мясцовасьці на паўночным захадзе Ірану.
63-гадовы Раісі і яго спадарожнікі, у тым ліку міністар замежных спраў Хасэйн Амір-Абдалах'ян, былі знойдзеныя мёртвымі на месцы крушэньня.
Ратавальнікі забіраюць целы зь месца аварыі
Таварыства Чырвонага Паўмесяца Ірану апублікавала гэтую фатаграфію, на якой відаць абломкі верталёта пасьля яго крушэньня. Дзяржаўная тэлевізія Ірану паведаміла, што верталёт з прэзыдэнтам разьбіўся з прычыны кепскіх умоў надвор'я.
Пошукава-ратавальныя групы пры падтрымцы некалькіх замежных урадаў шукалі верталёт пасьля таго, як ён разьбіўся ў горным раёне Ірану вечарам 19 траўня 2024 году.
Працу ратаўнікоў ускладнялі ўмовы надвор'я і горная мясцовасьць.
Прэзыдэнт Ірану Раісі прыляцеў на ўсход Азэрбайджану для ўдзелу ў адкрыцьці дамбы 19 траўня. На цырымоніі таксама прысутнічаў кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў.
Раісі і Аліеў падчас урачыстага адкрыцьця грэблі Кыз-Каласы на ірана-азэрбайджанскай мяжы, 19 траўня 2024 г.
Пасьля цырымоніі адкрыцьця грэблі надвор'е ў Кыз-Каласы сапсавалася. Верталёт Раісі накіроўваўся ў горад Тэбрыз, калі разьбіўся каля Джолфі. СМІ паведамляюць, што верталёт з прэзыдэнтам Ірану на борце «зьдзейсьніў грубую пасадку». Пазьней некалькі СМІ са спасылкай на ўрадавыя крыніцы паведамілі, што верталёт разьбіўся падчас перасячэньня горнай і лясістай мясцовасьці.
Пустое крэсла прэзыдэнта Раісі ў кабінэце міністраў Ірану пасьля пацьверджаньня яго гібелі ў выніку крушэньня верталёта.
Раісі быў абраны прэзыдэнтам у 2021 годзе. З тых часоў ён зрабіў больш жорсткімі многія абмежаваньні для іранцаў, зьвязаныя з захаваньнем «маральных законаў». Падчас ягонага прэзыдэнцтва таксама адбылося крывавае здушэньне антыўрадавых выступаў, выкліканых сьмерцю Махсы Аміні. 22-гадовая дзяўчына памерла ў паліцэйскім пастарунку пасьля таго, як яе затрымалі нібыта за парушэньне правілаў нашэньня хіджабу, як таго патрабуе тэакратычны рэжым Ірану.