У Берасьці грамадзяніну Ўкраіны прысудзілі 6 гадоў калёніі
Паводле зьвестак @viasna_brest, на мінулым тыдні Берасьцейскі абласны суд вынес вырак Арцёму Макавею, 1999 году нараджэньня. Малады чалавек, які з 2009 году жыве ў Беларусі, атрымаў 6 год пазбаўленьня волі.
У чым менавіта яго абвінавачвалі — невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядомы толькі артыкул, па якім судзілі Макавея: арт.358-1 КК РБ «Агентурная дзейнасьць». Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сянько.
Макавея затрымалі ў студзені 2023 году ў яго дома ў Кобрыні. Затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Спачатку Макавей сядзеў 2 месяцы ў ІЧУ Берасьця, але ніякіх допытаў не праходзіла, і хлопец не разумеў, за што ўвогуле затрыманы. Праз 1 год і 3 месяцы пасьля затрыманьня справа дайшла да суду. Увесь гэты час ён заставаўся пад вартай. Да затрыманьня Макавей працаваў дыджэем у Берасьці, Кобрыні, Менску.
Затрымалі сястру палітвязьня Вінярскага
У Менску затрымалі Алёну Церашкову — яна сківіцава-тваравы хірург, беларуская пісьменьніца, перакладчыца, двухразовая чэмпіёнка Беларусі па тэквандо, піша @dissidentBY.
Алёна — сястра актывіста і палітвязьня Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Папярэдне вядома, што Алёну вінавацяць па арт. 342 ч.1. У яе сямʼі дома чацьвёра дзяцей.
Сілавікі затрымалі 3D-візуалізатара
Сьцьвярджаецца, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, абражаў у камэнтарах прапагандыста Азаронка, дасылаў інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога», піша «Вясна».
У якасьці доказаў «пратэставай дзейнасьці» затрыманага сілавікі паказалі кадры з кнігай «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, якую знайшлі ў беларуса.
Затрыманьне ў Магілёве
Паводле агенцтва «Позірк», жыхара Магілёва затрымалі за напісаньне нібыта 7 тысяч пратэставых камэнтароў. Паведамляецца пра магчымае завядзеньне справы паводле арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 траўня: у Менску за ўдзел у пратэстах судзяць адзінокую маціПеракладчыцы Вользе Калацкай далі штраф памерам 800 рублёў
17 траўня адбыўся адміністрацыйны суд над перакладчыцай Вольгай Калацкай. Афіцыйна — за тое, што «махала рукамі ў РУУС». Суд прызначыў Вользе штраф памерам 20 базавых велічыняў (800 рублёў).
Раней Вольга Калацкая ўжо была асуджаная і цалкам адбыла пакараньне. 24 красавіка 2021 году ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску Вольгу Калацкую прызналі вінаватай у тым, што яна пабіла супрацоўніка тэлеканалу СТБ Рыгора Азаронка (дала поўху). Нягледзячы на тое, што фігурантка справы прынесла прабачэньні пабітаму аўтару СТВ і той ня меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзій, судзьдзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У Паставах аштрафавалі ахоўніка крамы
Суд Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці аштрафаваў на 5 базавых велічынь (200 рублёў) ахоўніка крамы Юрыя Катовіча. Прычынай перасьледу стала публікацыя ім у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» асабістых зьвестак Дзьмітрыя Іваненкава, былога прэсавага аташэ футбольнага і хакейнага клюбаў «Віцебск». Юры Катовіч прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.7 КаАП («Наўмыснае незаконнае распаўсюджваньне пэрсанальных зьвестак фізычных асоб»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 траўня: У Менску затрымалі праграміста і дырэктара фірмы, у Гомлі — кіроўцу, сьвятароў у Віцебску засудзілі на суткі