У 1940 годзе Італія далучылася да вайны на баку гітлераўскай «восі», але ў 1943 годзе фашыстоўскі лідэр Італіі Бэніта Мусаліні быў арыштаваны. Новы ўрад уступіў у вайну на баку антыгітлераўскай кааліцыі.
Немцы пачалі адступаць з поўдня Італіі, ствараючы ў той жа час абаронную «лінію Густава», каб затрымаць сілы антыгітлераўскай кааліцыі. Цэнтральным пунктам умацаванай лініі, якая бараніла подступы да Рыму з поўдня, стаў кляштар Монтэ-Касіна.
Пры чым тут беларусы
У 1939 годзе дзясяткі тысяч беларусаў, якія служылі ў Войску польскім, трапілі ў савецкі палон. Разам зь іншымі рэпрэсаванымі беларусамі яны былі накіраваныя ў лягеры і на спэцыяльнае пасяленьне ў Сібір, Урал і Сярэднюю Азію. Але напрыканцы лета 1941 году савецкая ўлада дамовілася з польскім урадам у выгнаньні пра стварэньне на тэрыторыі СССР польскай арміі і амніставала з гэтай мэтай рэпрэсаваных.
У армію, якую ўзначаліў польскі генэрал Уладыслаў Андэрс, запісваліся і тысячы беларусаў. Усяго каля 120 тысяч жаўнераў арміі былі перакінутыя ў Іран, каб абараняць нафтавыя аб’екты. Летам зь іх быў утвораны II Польскі корпус Брытанскай арміі. 11 траўня 1944 году ён уступіў у баі за Монтэ-Касіна.
Пад Монтэ-Касіна загінуў і брат Ларысы Геніюш. Імаверна, знойдзена месца яго пахаваньня
У 2023 годзе супрацоўнік Эўрапарлямэнту Яраслаў Мусько расказаў Свабодзе, што знайшоў пахаваньне брата паэткі Ларысы Геніюш, які загінуў пад Монтэ-Касіна.
На сайце польскіх вайсковых могілак у Італіі Яраслаў Мусько высьветліў, што ў невялікім горадзе Лярэта пахаваны Arkadiusz Mikłaszewicz, які служыў у 12-м палку падольскіх уланаў. Месца нараджэньня пазначанае як «Жлобаўцы Горадзенскага павету». На гэтым хутары нарадзілася Ларыса Геніюш, дзявочае прозьвішча якой было Міклашэвіч. Дата нараджэньня Аркадзя — 15 лістапада 1922 году, дата сьмерці — 27 ліпеня 1944 году. Пражыў 21 год.
Над меркаваным месцам спачыну Аркадзя Міклашэвіча на польскіх вайсковых могілках у Італіі ў горадзе Лярэта стаіць праваслаўны крыж. Фатаздымку, як на некаторых іншых надмагільлях, няма. Пазначана па-польску імя і прозьвішча, месца вайсковай службы і дата сьмерці.
Дзякуючы перамозе ў гэтай бітве жаўнерам антыгітлераўскай кааліцыі была адкрытая дарога на Рым. Яны ўвайшлі ў горад праз два тыдні, а цягам году дайшлі да італьянска-аўстрыйскай мяжы.
Як сьцьвярджаў беларускі эмігранцкі гісторык Віктар Сянкевіч, які таксама быў жаўнерам польскіх Узброеных сілаў на Захадзе, у бітве пад Монтэ-Касіна загінулі 264 жаўнеры-беларусы. Ягоныя зьвесткі сабраныя на базе матэрыялаў польскага эмігранцкага архіву Ўладзіслава Сікорскага ў Лёндане. Агулам падчас бітвы загінулі 924 чалавекі, 4199 былі параненыя.
Пасьля вайны жаўнеры ІІ Польскага корпусу засталіся на Захадзе. Часткова беларускія вайскоўцы вярталіся ў Беларусь у спадзяваньні на тое, што іх там спаткаюць як змагароў з гітлерызмам. Але ў красавіку 1951 году звыш 5 тысячаў былых жаўнераў польскіх Узброеных сілаў, якія змагаліся на заходніх франтах, гэтак званых «андэрсаўцаў» разам зь сем’ямі выслалі ў Казахстан, Сібір ды іншыя аддаленыя месцы Савецкага Саюзу.