Да аднаўленьня працы, пра якое дыпляматычнае прадстаўніцтва паведаміць дадаткова, ня будуць выдаваць беларускія візы, дакумэнты, ажыцьцяўляць іншыя консульскія дзеяньні. Установа раіць грамадзянам «пры ўзьнікненьні экстраных сытуацый» зьвяртацца ў амбасаду Беларусі ў Фінляндыі або ў генэральнае консульства ў Дзьвінску (Даўгаўпілс, Латвія).
Афіцыйны Талін не прызнае Аляксандра Лукашэнку законна абраным прэзыдэнтам Беларусі, рэгулярна выступае і падтрымлівае ўвядзеньне ў дачыненьні ягонага рэжыму санкцый, піша «Позірк».
23 верасьня 2022 году амбасада Беларусі ў Таліне апавясьціла МЗС Эстоніі пра скарачэньне свайго штату да мінімуму на знак пратэсту супраць таго, што эстонская дэлегацыя падчас правядзеньня Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку арганізавала мерапрыемства з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай.
У той жа дзень у беларускі МЗС выклікалі часовую павераную ў справах Эстоніі Трыін Хіесалу. Зьнешнепалітычнае ведамства выказала дыплямату незадаволенасьць «шэрагам наўмысных дзеяньняў», у ліку якіх «афіцыйныя спробы прысвоіць права выступаць ад імя беларускага народу і авантуры на пляцоўцы ААН». Ад амбасады запатрабавалі скараціць штат да аднаго супрацоўніка.
Эстонія ўваходзіць у сфармаваны беларускім урадам сьпіс «недружалюбных дзяржаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя ўніфікавалі кантроль выкананьня санкцыяў супраць Беларусі і Расеі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія выказала пратэст Расеі праз глушэньне сыгналу GPS, якое прывяло да спыненьня палётаў цывільнай авіяцыі