У беларускіх барах Варшавы, Гданьску і Вільні ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, біфобіяй і трансфобіяй 17 траўня адбываецца спэцыяльная акцыя салідарнасьці.
Мэдыя-ініцыятыва «ГэтаОкей» аб’ядналася зь беларускімі барамі, каб выказацца супраць дыскрымінацыі ЛГБТ+ людзей.
У барах адбываюцца спэцыяльныя акцыі — каляровыя сэты шотаў, спэшэлці кактэйлі, раздача налепак і каляровых цукерак.
Таксама зьбіраюць сродкі на падтрымку ЛГБТК+ людзей у Беларусі. У сувязі з падрыхтоўкай новага заканадаўства аб прапагандзе ЛГБТК+ квір-пэрсоны ў Беларусі знаходзяцца ня толькі пад ціскам, але і рызыкай рэпрэсій і перасьледу.
Сабраныя сродкі будуць перададзеныя ініцыятывам, якія дапамагаюць у рэлякацыі ЛГБТК+ людзей ці аказваюць псыхалягічную падтрымку.
- Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй адзначаецца 17 траўня і прызначаны для каардынацыі міжнародных мерапрыемстваў, якія падвышаюць дасьведчанасьць аб парушэньнях правоў ЛГБТ+ у сьвеце. Дзень устаноўлены ў памяць аб выключэньні гомасэксуальнасьці зь Міжнароднай клясыфікацыі хвароб 17 траўня 1990 году. У 2009 годзе да назвы «Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй» дадалася трансфобія, а з 2015 году — біфобія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паказала найгоршы ў гісторыі паказьнік у выкананьні правоў прадстаўнікоў ЛГБТК+