Па месцы рэгістрацыі ў Беларусі намесьніка старшыні БАЖ Гарэцкага прыходзілі зь ператрусам

Барыс Гарэцкі

17 траўня сілавікі прыходзілі зь ператрусам па месцы рэгістрацыі ў Менску намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага.

Супраць яго заведзеная крымінальная справа, за што — невядома, піша БАЖ. Барыс Гарэцкі і іншыя лідэры Беларускай асацыяцыі журналістаў вымушана выехалі зь Беларусі яшчэ ў 2021‑м годзе пасьля разгрому сілавікамі офіса арганізацыі ў Менску.

«Сілавікі прыходзілі з пастановай на ператрус. Я ня ведаю, ці нешта было забрана з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады.

Усё адно гэта вельмі непрыемна. Відавочна, гэта чарговая атака сілавікоў на БАЖ і незалежных журналістаў з мэтай прымусіць нас спыніць важную працу для беларускай аўдыторыі», — расказаў Барыс Гарэцкі прэс-службе БАЖ.

У 2023‑м КДБ прызнаў Беларускую асацыяцыю журналістаў экстрэмісцкім фармаваньнем. Нягледзячы на вымушаную эвакуацыю, БАЖ працягвае актыўную працу па падтрымцы беларускіх журналістаў і мэдыя.

Свабода даведалася пра арышты кватэр актывістаў у розных гарадах Беларусі. Іхныя сваякі, якія ў Беларусі, давалі падпіскі аб невыдаваньні. Пра намер канфіскоўваць маёмасьць у апанэнтаў уладаў, якія выходзяць на акцыі за мяжой, Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў раніцай 16 траўня.

Тады стала вядома, што ведамства зьбіраецца прызнаць злачынцамі 104 беларусаў, якія бралі ўдзел у вулічных акцыях за мяжой. СК зьвярнуў увагу, што па месцы рэгістрацыі ўцекачоў «праводзяцца ператрусы, накладаньне арышту». Паводле СК, гэтых людзей прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе — ім інкрымінавалі арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім») і арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кватэры журналіста-фрылансэра зь Віцебску супрацоўнікі КДБ выламалі дзьверы, жытло апячаталі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа 104». Да некаторых эмігрантаў ужо прыйшлі па месцы жыхарства ў Беларусі з вобшукамі, у іншых апісваюць маёмасьць