У замаху на прэмʼер-міністра Славаччыны Робэрта Фіцу абвінавачваецца «воўк-адзіночка», не зьвязаны з палітычнымі групамі, паведаміў міністар унутраных спраў Матуш Шутай-Эштак, яго цытуе «Голас Амэрыкі».
Робэрт Фіца атрымаў раненьне пры замаху на яго жыцьцё пасьля паседжаньня Кабінэту міністраў у горадзе Гандлава.
Фіца знаходзіцца ў цяжкім стане, але, як чакаецца, выжыве, паведаміў прадстаўнік шпіталя.
Мясцовы тэлеканал ТА3 паведаміў, што паліцыя затрымала падазраванага ў сераду. На наступны дзень яму было выстаўлена абвінавачаньне ў замаху на забойства. Падрабязнасьці аб падазраваным не прыводзяцца.
Фіца быў прызначаны кіраўніком ураду ў кастрычніку, пасьля перамогі яго папулісцкай партыі «Курс – Славацкая сацыял-дэмакратыя» на парлямэнцкіх выбарах. Партыя прытрымліваецца эўраскептычнай і нацыяналістычнай арыентацыі і перад выбарамі выступала за абмежаваньне вайсковай дапамогі Ўкраіне і за рэзкае ўзмацненьне міграцыйнага кантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля апэрацыі пагрозы жыцьцю Робэрта Фіцы няма, — славацкі віцэ-прэм’ер ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У прэм'ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіца стралялі, ён паранены, яму зрабілі апэрацыю