Лукашэнка наведаў тэрыторыю Нагорнага Карабаху, які перайшоў пад кантроль Азэрбайджану

Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў у аэрапорце Фізулі. Карабах, 17 траўня 2024

У аэрапорце горада Фізулі Аляксандра Лукашэнку сустрэў прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў.

Аляксандар Лукашэнка наведаў Фізулінскі раён, які ў 2020 годзе пасьля вайны ў Нагорным Карабаху перайшоў пад кантроль Азэрбайджану.

У аэрапорце горада яго сустрэў прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў.

На афіцыйным сайце азэрбайджанскага прэзыдэнта паведамілі, што ў міжнародным аэрапорце Фізулі Лукашэнку сустракала ганаровая варта.

Да 2020 году горад Фізулі ўваходзіў у так званы пояс бясьпекі Нагорна-Карабаскай рэспублікі і меў назву Варанда. Да вайны ў ім жылі больш за 17 тысяч грамадзян.

Пасьля вяртаньня пад свой кантроль Азэрбайджан зацьвердзіў генэральны плян аднаўленьня гораду. Улады разьлічваюць, што да 2040 году насельніцтва горада павялічыцца да 50 тысяч чалавек.

Пасьля горада Фізулі Лукашэнка і Аліеў наведалі горад Шуша, дзе да 2020 году, калі Азэрбайджан усталяваў над ім кантроль, пражывалі армяне — яны вымушаныя былі ўцячы пасьля аднаўленьня баявых дзеяньняў з боку азэрбайджанскага войска. Сёлета ўлады Азэрбайджану абвясьцілі горад «культурнай сталіцай ісьлямскага сьвету». Пасьля вайны горад пачалі засяляць азэрбайджанцамі.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што Лукашэнка падарыў гораду Шуша беларускія трактары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папрасіў Аліева «знайсьці месца для Беларусі» ў аднаўленьні Азэрбайджану пасьля «вызваленчай вайны»


16 траўня на перамовах з Ільхамам Аліевым Лукашэнка назваў другую карабаскую вайну «вызваленчай» для Азэрбайджану і папрасіў «знайсьці месца Беларусі» у пасьляваенным аднаўленьні краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Баку. Чаму адносіны Беларусі з Азэрбайджанам лепшыя, чым з Армэніяй