«Мэта збораў – павысіць узровень ведаў адказных асобаў у пытаньнях супольных дзеяньняў войскаў у сучасных узброеных канфліктах, удасканаліць навыкі ў дзеяньнях са зброяй», – адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Мінабароны Беларусі.
Удзельнікам збораў раскажуць пра асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця ваенна-палітычнага становішча вакол Беларусі, прадэманструюць парадак выкарыстаньня дронаў і барацьбы зь імі, а таксама пакажуць дзеяньні «добраахвотнікаў атраду народнага апалчэньня ў папярэджаньні і спыненьні правапарушэньняў, ахове і абароне аэрапорту сіламі тэрытарыяльнай абароны».
Апроч таго, удзельнікі збораў змогуць азнаёміцца з асноўнымі і пэрспэктыўнымі ўзорамі ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, якія маюць на сваім узбраеньні Ўзброеных сіл Беларусі – інжынэрных войскаў, падразьдзелаў бесьпілётных комплексаў, тэрытарыяльных войскаў, а таксама з тэхнікай дарожна-рамонтных будаўнічых упраўленьняў, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі населеных пунктаў да абароны.
«Ні для кога з тут прысутных не сакрэт, што сучаснае разьвіцьцё ваенна-палітычнай абстаноўкі ў сьвеце і непасрэдна вакол Рэспублікі Беларусь патрабуе ад нас асаблівай увагі да пытаньняў забесьпячэньня абароназдольнасьці краіны», — працытавала прэсавая служба Міністэрства абароны Віктара Хрэніна.
Паводле яго, менавіта таму неабходна больш цесная каардынацыя дзейнасьці кіраўнікоў «дзяржаўных органаў, абласьцей, раёнаў, вайсковых камісараў і камандуючых войскамі пры падрыхтоўцы да ўзброенай абароны дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белавусаў будзе ўбудоўваць беларускую эканоміку ў расейскі ВПК больш актыўна, чым гэта рабіў Шайгу, — расейскі палітоляг МарозаўДзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што актуальнасьць збораў абумоўлена «новымі рызыкамі і выклікамі» для нацыянальнай бясьпекі Беларусі.
«Акцэнт зрабілі на спосабах вядзеньня баявых дзеяньняў з улікам сучасны формаў барацьбы і аналізу сучасных баявых дзеяньняў, у прыватнасьці, ва Ўкраіне, дзе мы бачым шырокае выкарыстаньне бесьпілётных лятальных сродкаў, супрацьдзеяньня гэтым бесьпілётным лятальным сродкам, шырокае выкарыстаньне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы — тое, што сёньня выходзіць на першы плян у сфэры ўзброенай барацьбы», — заявіў Аляксандар Вальфовіч.
Паводле яго, у часе збораў разгледзелі «усе праблемныя пытаньні, зьвязаныя з прыпіскай, пастаўкай запасаў матэрыяльных сродкаў, пытаньня, зьвязаныя з павелічэньнем устойлівасьці кіраваньня тэрытарыяльнымі войскамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны не выключаюць, што Расея зноў разьмесьціць свае войскі на тэрыторыі Беларусі- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.