У Віцебску 74-гадовага прарасейскага актывіста Аляксандра Андрэйкава судзілі паводле артыкула аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП), яго імя і прозьвішча зьявіліся 16 траўня ў раскладзе суду Першамайскага раёну Віцебску, заўважыла «Медиазона».
Пра суд над Андрэйкавым напісала і прарасейская актывістка Эльвіра Мірсалімава. Паводле яе, Андрэйкава судзілі за даўні рэпост з рэсурсу, прызнанага пазьней беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім».
Актывістка сьцьвярджае, што Аляксандар Андрэйкаў з 2014 году змагаўся з «нацыяналізмам і русафобіяй» у Беларусі, а ў 2020 годзе «стаў ідэйным „ябацькам“».
«Ён, вядома ж, ніякі не „экстрэміст“. Сказаць, што ён знаходзіцца зараз у шоку, — гэта нічога не сказаць. Ці застанецца ён пасьля ўсяго гэтага „ябацькам“ — вось пытаньне», — напісала Мірсалімава ў сваім тэлеграм-канале.
Саму Эльвіру Мірсалімаву раней асудзілі паводле артыкулаў «дэманстраваньне нацысцкай сымболікі» і «несанкцыянаванае пікетаваньне» (арт. 19.10 і 24.23 КаАП) за рэпост Z-блогера. Ёй далі штраф у памеры 2600 рублёў. Паводле артыкула «несанкцыянаванае пікетаваньне» ў Беларусі, як правіла, судзяць праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Паводле першага артыкула яна правяла два дні ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейская актывістка Мірсалімава ў Віцебску адседзела двое сутак у ізалятары і расказала пра ўражаньні