16-гадовага навучэнца першага курсу аднаго з каледжаў у Пінску асудзілі на 10 гадоў калёніі паводле артыкула аб незаконным абароце наркатычных сродкаў (ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу), паведамляе прэс-служба Генэральнай пракуратуры Беларусі.
Акрамя гэтага, падлетку прысудзілі штраф у 1200 рублёў (30 базавых велічынь). Мабільны тэлефон падлетка канфіскавалі ў даход дзяржавы.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, падлетак працаваў «закладчыкам» у інтэрнэт-краме па продажы наркотыкаў, у ягоныя абавязкі ўваходзіла раскладваць наркотыкі па тайніках. Пры затрыманьні ў яго знайшлі 155,33 грама псыхатропнага рэчыва. Гэта расцанілі як незаконнае з мэтай збыту захоўваньне асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы.
- У Беларусі вельмі жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў.
- Яшчэ ў 2017 годзе маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкула Крымінальнага кодэксу заснавалі рух «Маці-328», які дамагаецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. У 2018–2019 гадах прадстаўнікі руху ладзілі галадоўкі пратэсту, патрабуючы гуманізацыі антынаркатычнага заканадаўства, перагляду спраў па 328-м артыкуле і амністыі для непаўналетніх, асуджаных па гэтым артыкуле.
- Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, паколькі не адрозьнівае рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў ад дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека.
- Паводле праваабаронцаў, асобаў, затрыманых паводле артыкула 328, нярэдка катуюць і б’юць апэратыўныя работнікі, каб атрымаць прызнальныя паказаньні, паролі ад тэлефонаў ці любой іншай інфармацыі для афармленьня складу злачынства. У некаторых выпадках такое стаўленьне сілавых органаў прывяло да суіцыду асуджаных.
- Праваабаронцы і экспэрты кажуць, што ў калёніях для асуджаных паводле 328-га артыкула ствараюць «асаблівыя» ўмовы — іх утрымліваюць у асобных атрадах і нашываюць зялёныя біркі. На іх часьцей афармляюць парушэньні рэжыму і пазбаўляюць спатканьняў і званкоў, залучаюць да неаплатнай працы ў шкодных для здароўя ўмовах, у выніку чаго разьвіваюцца хранічныя захворваньні і іншыя ўскладненьні.