Цэнтар адкрыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўнівэрсытэту. Рэктарка МДЛУ Натальля Лапцева падчас адкрыцьця цэнтру выказала спадзяваньне, што «беларуская мова і культура трывала ўвойдуць у зьмест навучаньня Азэрбайджанскага ўнівэрсытэту моваў».
У верасьні 2023 году ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце адкрылі цэнтар азэрбайджанскай мовы і культуры.
Што зь беларускай мовай і культурай у Беларусі
У Беларусі разьвіцьцё беларускай мовы дзесяцігодзьдзямі было прэрагатывай грамадзкіх ініцыятываў і арганізацый. Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было зьліквідавана мноства арганізацый і ініцыятываў, якія разьвівалі беларускую мову і культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спэцыялізаваліся на сучаснай беларускамоўнай літаратуры і перакладах на беларускую мову.
У Беларусі праводзіцца палітыка русыфікацыі. Намінальна 40% школ у Беларусі беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тысяч). Беларускамоўных ВНУ ў Беларусі няма.
Фіксуюцца выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы. Так, напрыклад, толькі за другую палову 2023 году Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў налічыў больш за 40 такіх фактаў. Празь дзяржаўную палітыку дыскрымінацыі грамадзтва перастае лічыць патрэбным падтрымліваць беларускую мову, лічаць у Міжнародным саюзе беларускіх пісьменьнікаў.
Колькасьць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, зьнізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэпрэсіі ў Беларусі таксама шырока закранулі сфэру культуры. Дзеячаў культуры, якія выступаюць апанэнтамі рэжыму Лукашэнкі, затрымліваюць, звальняюць з працы, садзяць за краты, кнігі беларускіх пісьменьнікаў прызнаюць «экстрэмісцкімі», як і розныя культурныя аб'яднаньні.
Паводле інфармацыі Беларускага ПЭН-цэнтру, па стане на 30 красавіка 2024 году ў Беларусі за кратамі знаходзілася сама меней 156 дзеячоў культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды заводзіць русыфікацыя. У беларускай Беларусі цяперашні палітычны тэрор быў бы немагчымы. Блог Сяргея Дубаўца