Паводле зьвестак Белстату, абʼём складзкіх запасаў за чатыры месяцы гэтага году склаў 68,4% сярэднямесячнага абʼёму вытворчасьці (год таму — 76,9%).
На нарадзе па разьвіцьці прамысловасьці 9 красавіка Аляксандар Лукашэнка сярод іншых праблемаў галіны назваў рэалізацыю прадукцыі.
«Склады трашчаць. Складзкія запасы за 2023 год вырасьлі на 23%, — сказаў ён. — Профільны віцэ-прэмʼер мяне закалыхвае: гэта нармальна, заўсёды так было — мы тут зараз усё гэта прадамо. Але ж мы пэрыяд да пэрыяду ацэньваем гэтыя запасы. А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія шмат для каго сталі дадатковым складам за мяжой?»
Лукашэнка адзначыў, што толькі на складах гандлёвых дамоў Менскага трактарнага заводу — амаль 6,5 тысячы адзінак тэхнікі, або больш за двухмесячны абʼём вытворчасьці: «Вось і „абʼёмы“ вытворчасьці, і ваш „экспарт“».
Агульная крэдыторская запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў за месяц вырасла на 5 мільярдаў беларускіх рублёў і склала 83,4 млрд, у тым ліку пратэрмінаваная — 10 мільярдаў рублёў, паведамляе Белстат.
Дэбіторская запазычанасьць (даўгі прадпрыемствам) на 1 траўня вырасла да 69,8 млрд рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная — да 9 мільярдаў. У красавіку на нарадзе аб разьвіцьці прамысловасьці Аляксандар Лукашэнка канстатаваў, што зьнешняя пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць за 2023 год вырасла больш як на 10%.
У першым квартале 2024 году, паводле Белстату, рэнтабэльнасьць рэалізаванай беларускімі прадпрыемствамі прадукцыі склала 7,5%, рэнтабэльнасьць продажаў — 6,3%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінусавая рэнтабэльнасьць, больш стратных прадпрыемстваў, даўгоў, складзкіх запасаў, — Раманчук пра стан эканомікі